Адрас: 211875, г. Паставы, пл. Леніна, д. 25
Тэлефон прыёмнай: 8 (02155) 4-10-45, 8 (02155) 4-12-45 c 8.00 до 17.00
Электронная пошта райвыканкама: postavisp@vitebsk.by
Рэжым работы: пн-пт з 8.00 да 17.00, абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00, выхадныя дні: сб, нд
Вышэйстаячы дзяржаўны орган
Паставы ноччу Набярэжная Начная набярэжная Палац Тызенгаўза Храм Паставаў
Паставы ноччу
Паставы ноччу
Набярэжная
Начная набярэжная
Палац Тызенгаўза
Храм Паставаў
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
15 ліпеня 2019

Ёсць чым ганарыцца, але ёсць над чым і працаваць

У аўторак на базе Варапаеўскага сельскага Савета прайшло выязное пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў.

На ім разглядаліся два пытанні: «Аб рабоце суб’ектаў прафілактыкі раёна па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобрана­дзейных ­сем’ях» і «Аб рабоце ўстаноў культуры Варапаеўскага сельсавета».

З інфармацыяй па першым пытанні выступіла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марына Нагановіч. На 1 лі­пеня ў раёне ў сацыяльна небяспечным становішчы знаходзіцца 81 дзіця з 44 сем’яў — на 56 менш, чым было на аналагічны перыяд летась. Гэта стала магчымым дзякуючы эфектыўнай рабоце аддзела па адукацыі райвыканкама і іншых службаў, зацікаўленых у стварэнні нармальных умоў пражывання дзяцей, кантролю за ладам жыцця нядобранадзейных бацькоў. Адзначаны станоўчы вопыт па рабоце з абавязанымі асобамі ў калектывах лясгаса, АДРАЦ «Ветразь», УП «Завод Беліт».


Пра абарону дзяцей у нядобранадзейных сем’ях гаварылі ўрач агульнай практыкі Варапаеўскай раённай бальніцы Аксана Бяззубенка, дырэктары Варапаеўскай і Гуцкай сярэдніх школ Віктар Жук і Святлана Казаровец. Прынцыпамі педагогаў у рабоце з сем’ямі з’яўляюцца партнёрства, павага і прыярытэт інтарэсаў дзіцяці. Разам з правя­дзеннем традыцыйных бацькоўскіх сходаў выкарыстоўваюцца і больш прадукцыйныя формы работы з бацькамі: пазакласныя мерапрыемствы, дні творчасці дзяцей і бацькоў, сумесныя спартыўныя мерапрыемствы, конкурсы.

Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Ніна Каспяровіч засяродзіла ўвагу на рабоце з прыёмнымі сем’ямі.

Удзельнікі пасяджэння наведалі гарпасялковую бібліятэку. Яе загадчыца Алена Міхалевіч расказала пра мерапрыемствы, якія ладзяцца сумесна з гарпасялковым Домам культуры, мясцовымі дзіцячай музычнай і сярэдняй школамі, дзіцячым садком. Вялікая ўвага ў рабоце надаецца захаванню і перадачы нашчадкам культурнай спадчыны, гісторыі роднага краю. Ніякі іншы рэгіён не можа пахваліцца такой колькасцю краязнаўцаў і проста апантаных малой радзі­май людзей, якія сабралі багаты матэрыял пра свае родныя вёскі і нават выдалі кніжкі. Першым такім выданнем у 1995 годзе стала кніга Іосі­фа Зямчонка «Мястэчка пры гасцінцы», прысвечаная Варапаеву. Пазней адна за адной з’явіліся кнігі пра Стары Двор, Гуту, Голбію, Васілеўшчыну, Кейзікі, Полава, Рымкі.

У бібліятэцы рэгулярна праводзяцца сустрэчы з паэтамі, знакамітымі землякамі, арганізуюцца выставы работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва мясцовых майстроў, дзіцячых малюнкаў.

— У 53 населеных пунктах нашага сельсавета пражываюць больш за 4500 чалавек, з іх 483 дзіцяці да 14 гадоў, 162 — ад 14 да 18 гадоў, 2368 працаздольных, 1555 пенсіянераў, — расказвала старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская. — Арганізацыя адпачынку людзей, прапаганда здаровага ладу жыцця, папулярызацыя народных традыцый і абрадаў — задача ўстаноў культуры: Варапаеўскага гарпасялковага Дома культуры, Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра, Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў, Варапаеўскай гарпасялковай, Гуцкай і Старадворскай сельскіх бібліятэк.

У кожнага калектыву ёсць нейкая адметнасць. Напрыклад, работнікі Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра вялікую ўвагу надаюць захаванню культурнай спадчыны роднага краю. Гэта вывучэнне побытавых танцаў, абрадаў, фальклору. Тут адрадзілі народную гульню «Яшчар», якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Вялікая заслуга ў гэтым дырэктара цэнтра Тамары Маслоўскай.

Мноства цікавых мерапрыемстваў праводзіць дырэктар Варапаеўскага ГПДК Юлія Галяш, якая пастаянна знаходзіцца ў пошуку новага. Тут займальна і маладым, і дзецям, і людзям пажылога ўзросту. Упэўніцца ў высокім прафесіяналізме работнікаў Дома культуры ўдзельнікі пасяджэння змаглі падчас прэзентацыі асобных нумароў мастацкай самадзейнасці.

Падчас пасяджэння разгледжаны надзённыя пытанні, адзначана шмат станоўчага ў рабоце ўстаноў культуры Варапаеўшчыны і той дзейнасці, якую праводзяць адпаведныя службы па абароне дзяцей. Асноўнымі фактарамі, якія ўплываюць на нядобранадзейнасць у сем’ях, з’яўляюцца ўжыванне алкаголю, наркотыкаў, недахопы ў арганізацыі вольнага часу, працоўнай занятасці, недастатковая эфектыўнасць выхаваўчай работы суб’ектаў прафілактыкі. Таму падстаў для самазаспакаення няма. Трэба больш актыўна праводзіць папераджальную работу ў тых сем’ях, якія рызыкуюць трапіць у лік нядобранадзейных, выяўляць іх на ранніх стадыях.

Вынікі работы пасяджэння падвёў старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч, газета "Пастаўскі край"