Магазін адкрыўся ў райцэнтры па вуліцы Ленінскай, у мікрараёне будаўнікоў. Раней памяшканне, дзе ён размясціўся, арандаваў індывідуальны прадпрымальнік. А калі закрыў сваю справу, ААТ «Навасёлкі-Лучай» выкупіла гандлёвы павільён, пераабсталявала яго на свой густ, завезла тавар, і ў мінулую пятніцу адбылося адкрыццё фірменнага магазіна.
Па традыцыі спачатку прапанавалі прадэгуставаць прадукцыю: салёнае сала, гарачыя каўбасы. Частавалі таксама цукеркамі, пячэннем, шампанскім.
— Якая смаката! — ацэньвалі жанчыны сала. — А каўбаса — пальчыкі абліжаш!
— Каштуйце, каштуйце, — запрашалі пакупнікоў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце гаспадаркі Славамір Шапель і юрысконсульт Алёна Махніс.
— Гэта наш восьмы фірменны магазін, — расказваў Славамір Шапель. — Паспяхова працуюць такія гандлёвыя кропкі ў Навасёлках, Варапаеве, Відзах, Лынтупах, Паставах. Рэалізуем тое, што вырошчваем у гаспадарцы, — свініну, ялавічыну, мясныя вырабы з іх, паўфабрыкаты. Прадукцыя карыстаецца попытам.
А ў гэты час, хоць і маюць вопыт работы ў гандлі, хваляваліся за прылаўкам прадаўцы Аксана Мядзюха і Алеся Завіша.
— Столькі найменняў тавару! — гаварылі яны. — Трэба добра запомніць, дзе што выкладзена на вітрынах, якія цэны. І пры гэтым не забываць усміхацца, ветліва абслугоўваць наведвальнікаў.
Як толькі дзверы магазіна адчыніліся, людзі запоўнілі яго поўнасцю. Нехта браў толькі мясныя вырабы, нехта разам з імі набываў хлеб, малако. Некаторыя выходзілі з пустымі сумкамі, тлумачачы: «Асартымент вывучылі, падыдзем пазней, калі не будзе чаргі».
— Гэты магазін для нас — сапраўдны падарунак, — дзяліліся радасцю пакупнікі. — Прадукцыю, якую прапануе ААТ «Навасёлкі-Лучай», ацанілі даўно. Але, каб набыць яе, трэба было ехаць на рынак «Гарызонт» або ў 5 гарадок, дзе таксама працуюць гандлёвыя павільёны гаспадаркі. Цяпер навасёлкаўскія вырабы ў крокавай даступнасці. Тут шырокі асартымент і каўбасных вырабаў розных вытворцаў, бакалеі, марской рыбы.
— Але гэты тавар ёсць у кожным магазіне, — парыравалі іншыя і дадавалі: — А вось такога смачнага мяса няма нідзе, яно заўсёды свежае і высокай якасці. Навасёлкаўскае — самае натуральнае.
Анна Анішкевіч, газета «Пастаўскі край»