Адрас: 211875, г. Паставы, пл. Леніна, д. 25
Тэлефон прыёмнай: 8 (02155) 4-10-45, 8 (02155) 4-12-45 c 8.00 до 17.00
Электронная пошта райвыканкама: postavisp@vitebsk.by
Рэжым работы: пн-пт з 8.00 да 17.00, абедзенны перапынак з 13.00 да 14.00, выхадныя дні: сб, нд
Вышэйстаячы дзяржаўны орган
Набярэжная Храм Паставаў Паставы ноччу Палац Тызенгаўза Начная набярэжная
Набярэжная
Набярэжная
Храм Паставаў
Паставы ноччу
Палац Тызенгаўза
Начная набярэжная
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
17 ліпеня 2019

Папараць-кветку шукалі, шчасце гукалі

У ноч з 6 на 7 ліпеня ў гарадскім парку райцэнтра прайшло традыцыйнае народнае свята Купалле.

Прадстаўленне, падрыхтаванае работнікамі Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна, запрашала гасцей у чароўную казку, поўную легенд і паданняў, народных абрадаў і гульняў. Да пачатку і падчас свята дзейнічала выстава-продаж купальскіх вянкоў і сувеніраў Дома рамёстваў. Жадаючых набыць іх было шмат. Таксама можна было паўдзельнічаць у майстар-класе і навучыцца самому плесці купальскі вянок.

Са сцэны амфітэатра гучалі беларускія народныя і сучасныя папулярныя песні ў выкананні эстрадных груп "Фантазія" і "Дзяўчаты", а таксама Дар'і Гагалінскай, Вольгі Нікалаевай, Дзіяны Дзяменць­евай, Паліны Балаш, Кацярыны Жук, Яўгеніі Бяляўцавай і Ксеніі Розман.

Разам з дзяўчатамі ў купальскіх вянках і хлопцамі ў народных строях на сцэну выходзілі Траўніца, Дзед і Баба, Янка і Купалінка. А Кікімара і Баба Яга арганізавалі сапраўдныя спартыўныя спаборніцтвы. Удзельнікі конкурсаў дэманстравалі сваю сілу ў перацягванні каната (так стараліся, што парвалі яго на дзве часткі), спрыт пры скаканні праз скакалку і нашэнні чыгунка на вілках, уменне працаваць у камандзе пры заплятанні касы са стужак. За ўдзел у спаборніцтвах усе атрымалі прызы ад арганізатараў. А дзяўчаты ў народных касцюмах нават навучылі гледачоў танцаваць кракавяк.

Пакуль адны атрымлівалі асалоду ад тэатралізаванага прадстаўлення, іншыя маглі перакусіць у імправізаваным летнім кафэ Пастаўскага райспажыўтаварыства або паласавацца салодкай ватай і папкорнам. Фінальным акордам гульнёвай праграмы стаў рытуал ачышчэння агнём. Дзяўчаты і юнакі з факеламі ў суправаджэнні гасцей свята адправіліся на спецыяльна падрыхтаваную пляцоўку і запалілі велізарнае купальскае вогнішча. Яго полымя высока ўзнялося ў начное неба, асвятляючы ўсё навокал. Прысутныя доўга грэліся вакол агню, бо надвор'е ў той дзень не цешыла цяплом. А напрыканцы купальскіх гулянняў усе жадаючыя маглі ўдосталь патанцаваць на дыскатэцы пад адкрытым небам, якую арганізаваў раённы Дом культуры.

Наталля Налей, газета "Пастаўскі край"