Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 4-10-45 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Набережная Храм Постав Ночная набережная Дворец Тызенгауза Поставы ночью
Набережная
Набережная
Храм Постав
Ночная набережная
Дворец Тызенгауза
Поставы ночью
4 апреля 2016

Развіваем усе віды культуры

(З даклада начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Г. М. Чаплінскай на 20-й сесіі раённага Савета дэпутатаў)

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2016 год у краіне аб'яўлены Годам культуры. Зацверджаны рэспубліканскі план, які ўключае звыш 120 мерапрыемстваў. Яны накіраваны на стымуляванне развіцця ўсіх відаў культуры (палітычнай, прававой і эканамічнай, вытворчай і экалагічнай, здаровага ладу жыцця, побыту, сямейных і чалавечых адносін, інфармацыйнай, духоўнай культуры і мастацкай творчасці).

У нашым раёне культурна-асветніцкай работай займаюцца 49 устаноў культуры, з іх 8 — у горадзе (у тым ліку 27 бібліятэк, 18 клубных устаноў, музей, 3 школы мастацтваў), у якіх працуюць 282 чалавекі, з іх з вышэйшай адукацыяй — 100 чалавек (35%), з сярэдняй спецыяльнай — 120 (42%). Паляпшаецца кадравы патэнцыял культработнікаў. У вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установах культуры завочна займаюцца 6 чалавек, на дзённую форму навучання ў гэтым годзе паступілі 10 выпускнікоў школ мастацтваў раёна. Па мэтавых накіраваннях у навучальных установах культуры займаюцца 10 чалавек. За апошнія 5 гадоў ва ўстановы раёна былі размеркаваны 23 маладыя спецыялісты, на жаль, на сённяшні дзень засталіся працаваць у раёне толькі 11 чалавек.

Установы культуры раёна займаюцца арганізацыяй культурна-масавага вольнага часу насельніцтва, выкарыстоўваючы розныя формы і метады інфармацыйнай дзейнасці, ажыццяўляюць прыярытэтныя напрамкі дзяржаўнай культурнай палітыкі, захоўваюць і развіваюць традыцыйную нацыянальную культуру Пастаўшчыны. З рознымі катэгорыямі насельніцтва праводзяць работу 161 клубнае фарміраванне (з іх 81 — для дзяцей), у тым ліку 137 калектываў мастацкай самадзейнасці і 24 аматарскія аб'яднанні. Працуюць 13 калектываў са званнем "народны", 4 — са званнем "узорны" і 1 заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь.

Наш раён славіцца цікавай і багатай гісторыяй, пра якую распавядаюць больш за 90 унікальных помнікаў даўніны. Выконваючы задачы па папулярызацыі гістарычных ведаў, культурных традыцый Пастаўшчыны, супрацоўнікамі раённага краязнаўчага музея за час дзеяння Праграмы на 2010—2015 гг. праведзена больш за 300 агульнаадукацыйных мерапрыемстваў. Адбыліся 52 выставы розных кірункаў, 7 — з фондаў музея. Ён налічвае 8000 прадметаў асноўнага фонду і каля 700 — навукова-дапаможнага.

Мясцовым бюджэтам ажыццяўляецца фінансаванне мерапрыемстваў па ахове і рэстаўрацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей рэгіёна. Аднак сумарны аб'ём дзяржаўнага фінансавання ў стане забяспечыць толькі нязначную частку сродкаў, неабходных для правядзення мерапрыемстваў па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. Таму вельмі актуальнай застаецца праблема аб'¬яднання намаганняў розных арганізацый па стварэнні адпаведных умоў аховы, рэстаўрацыі і ўтрыманні гісторыка-культурных каштоўнасцей раёна. Працягваюцца работы па выяўленні матэрыяльных аб'ектаў, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, і вылучэнні іх для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, прымаюцца дзейсныя меры па іх папулярызацыі.

На тэрыторыі раёна знаходзіцца 38 воінскіх пахаванняў: 21 — Вялікай Айчынай вайны, 12 — Першай сусветнай (па 11 з іх летась праведзена работа па пашпартызацыі), 3 — воінаў-інтэрнацыяналістаў, 2 — грамадзянскай вайны і вайны 1812 года. У межах выканання Дзяржаўнай праграмы па ўвекавечанні памяці аб загінуўшых пры абароне Айчыны і захаванні памяці пра ахвяры вайны на 2015—2020 гады праводзілася значная работа па рамонце і добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў на тэрыторыі раёна. На гэтыя мэты ў 2015 годзе было выкарыстана 332 млн руб. Прыведзены ў належны стан брацкія магілы ў горадзе Паставы, пахаванні ў Дунілавічах, Варапаеве, Асінагарадку і інш. Сёлета на гэтыя мэты запланаваны 191 млн руб. Актыўна вялася пошукавая дзейнасць па зверцы прозвішчаў на брацкіх магілах у электронным банку даных "Мемарыял". Усяго апрацавана 662 прозвішчы, з іх былі знойдзены 224 новыя. Такая работа арганізавана і сёлета. Праведзена зверка па 167 воінах, устаноўлена 25 новых прозвішчаў.
Пэўны ўклад у развіццё культуры раёна ўносяць бібліятэкі, якіх у раёне 27. Па выніках 2015 года лепшымі ў рабоце з'яўляюцца цэнтральная раённая бібліятэка, дзіцячая бібліятэка імя Уладзіміра Дубоўкі, Варапаеўская гарпасялковая. Цікавая і разнастайная работа з дзіцячым чытачом вядзецца ў Варапаеўскай дзіцячай бібліятэцы-музеі, Лынтупскай гарпасялковай бібліятэцы.

Пры бібліятэках дзейнічае 18 аматарскіх аб'яднанняў. Дзявяты год працуе клуб па інтарэсах "Сучаснікі" пры цэнтральнай раённай бібліятэцы, пасяджэнні якога прахо¬дзяць кожны квартал. На іх збіраюцца неабыякавыя да культурных падзей жыцця людзі.

Па-за ўвагай не застаўся ніводны літаратурны юбілей, яны былі адзначаны разнастайнымі мерапрыемствамі. Бібліятэкі раёна працуюць над выкананнем мэтавых праграм, такіх, як "Зямля бацькоў — жыцця крыніца", "Бібліятэка і экалогія", "Мы — будучае квітнеючай Беларусі", "Чалавек сярод людзей". Бібліятэкі раёна прымалі ўдзел у абласных конкурсах прафесійнага майстэрства "Інавацыі ў рабоце бібліятэк".

На календары 2016 года шэраг юбілейных дат: 95-годдзе з дня нараджэння Івана Шамякіна, 120-годдзе з дня нараджэння Кандрата Крапівы, 125-годдзе з дня нара¬джэння Максіма Багдановіча. Да ўсіх гэтых падзей бібліятэкі рыхтуюць святочныя мерапрыемствы. Асноўнымі мэтамі дзейнасці ўстаноў культуры з'яўляюцца зберажэнне і развіццё самадзейнай мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, народнай спадчыны рэгіёна, падтрымка творчых ініцыятыў і стварэнне ўмоў для іх рэалізацыі.

Ва ўсіх клубных установах культуры раёна адроджаны і цікава праводзяцца святы традыцыйнага календара — Каляды, Масленіца, Вялікдзень, Купалле, зажынкі, дажынкі. Такія імпрэзы вяртаюць да вытокаў нацыянальнай культуры і спрыяюць умацаванню ўсведамлення ¬адзінства беларускай супольнасці. Святы адзначаюцца ў разнастайнай форме, з выкарыстаннем элементаў мясцовага фальклору, аўтэнтычных спеваў і абрадаў.

Стала традыцыяй таксама правядзенне фальклорных праграм: "Спас — усяму час" у Курапольскім і Камайскім СДК, "Дзе наша Юр'я красавала" ў Андронаўскім сельскім клубе з удзелам гурта аўтэнтычнай песні. Мерапрыемствы да Дня памяці "Восеньскія Дзяды", якія ўмацоўваюць сувязь пакаленняў, павагу да сваіх каранёў, праводзяцца ў Курапольскім СДК і Андронаўскім СК.

Гульнёвыя праграмы, створаныя на беларускім фальклорна-этнаграфічным матэрыяле з выкарыстаннем традыцыйных гульняў Пастаўшчыны, прапануюць дзецям і моладзі многія клубныя работнікі, сярод якіх асабліва вызначаюцца супрацоўнікі Гуцкага СКЦ, Дварчанскага СКЦ і Ляхаўшчынскага СДК.

У мінулым годзе для ўключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь былі прапанаваны мясцовы традыцыйны спосаб прыгатавання клёцак "з душой" — нацыянальнай стравы беларусаў — і пастаўскі варыянт народнай гульні моладзі "Яшчур". Пасля грунтоўнага вывучэння гэтага элемента культурнай спадчыны падрыхтаваны дакументацыя і фота-, відэа-, аўдыёматэрыялы, некалькі публікацый.

У Год культуры супрацоўнікі цэнтра культуры плануюць навацыю — правесці ў аграгарадках раёна культурна-гістарычную акцыю — вячоркі для моладзі "Святкуем па-беларуску" на аснове народных танцаў і гульняў Пастаўшчыны. Дзякуючы традыцыйнаму зместу, выкарыстанню мясцовага дыялекту і аўтэнтычнай музыкі, такая імпрэза можа ўяўляць сабой цікавасць і для турыстаў як своеасаблівая этнаграфічная адметнасць нашага краю. Будзе папаўняцца архіў фальклорных матэрыялаў, запісаны каляндарныя песні зімовага цыкла, падрыхтаваны метадычны дапаможнік "Святочна-абрадавыя дзеі на Пастаўшчыне", праведзены семінар-практыкум па беларускіх побытавых танцах. Прадоўжаць сваю дзейнасць 20 фальклорных калектываў раёна.

Году культуры будуць прысвечаны выстава народнай творчасці "Души и рук творенья — тебе, поставская земля!" і раённы конкурс "Майстар года". З гэтай нагоды ўстановы культуры раёна актывізавалі работу з народнымі майстрамі. Створаны альбомы з адлюстраваннем дасягненняў народных умельцаў, афармляюцца выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці ў традыцыйных і сучаснай тэхніках, праводзяцца майстар-класы як з дарослымі, так і з дзецьмі.

Сярод іншых значных падзей года з удзелам сельскіх устаноў культуры трэба адзначыць раённы агляд-конкурс дзіцячай мастацкай творчасці "Палітра захапленняў" — своеасаблівую справаздачу вынікаў работы дзіцячых гурткоў і аматарскіх аб'яднанняў. Ён адбыўся ў сакавіку. На ліпень запланаваны раённы фестываль "Ягадны мікс" — інавацыйны пазнавальна-забаўляльны праект, а творчы вечар "Сямейныя дынастыі ў культуры" пройдзе напрыканцы года.

Рыхтуецца да выдання рэкламна-інфармацыйны буклет "Культурная палітра Пастаўшчыны", дзе змешчаны матэрыялы аб адметнасцях рэгіёна, помніках гісторыі і культуры, аб установах культуры раёна, іх разнастайнай дзейнасці і яе лепшых творчых калектывах.

Асветніцкая і выхаваўчая функцыі заўсёды знаходзяцца ў полі зроку Дамоў культуры і клубаў. Выхаванню годнага грамадзяніна сваёй краіны садзейнічаюць такія запланаваныя культурна-масавыя мерапрыемствы, як віктарына "Сімвалы маёй краіны", тэатралізаванае прадстаўленне "Твой выбар" Варапаеўскага ГПДК, вусны часопіс "Герб і сцяг маёй рэспублікі" і гульня-вандроўка для дзяцей з відэапаказам самых адметных архітэктурных помнікаў Беларусі "Я краем сваім ганаруся" Лынтупскага ГПДК, літаратурна-музычная імпрэза "Жыві, мая мова, жыві, мой народ!" Юнькаўскага СДК і іншыя.

На выхаванне беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя, прыроды накіраваны клубная імпрэза "Што? Дзе? Калі?" і акцыі дабрыні Парыжскага СДК, святы экасядзібы Камайскага СДК, на прапаганду здаровага ладу жыцця — дзіцячая тэатралізаваная праграма "Экспрэс здароўя" ў Юнькаўскім СДК, тэматычныя дыскатэкі "Мода на зда¬роўе" ў Варапаеўскім ГПДК і Курапольскім СДК, конкурсная праграма "Здароўе=поспех" у Дунілавіцкім СДК, сюжэтна-гульнёвая праграма "Эх, лазенька!" у Камайскім СДК.

Умацаванню культуры сямейных адносін спрыяюць такія мерапрыемствы, як тэматычныя вечары "Наша дружная сям'я" Ярэўскага СКЦ, "Калі ты побач, жыццё святлей" Дунілавіцкага СДК, клубныя вечары для моладзі ў Навасёлкаўскім цэнтры культуры "Калі ідзеш на першае спатканне…", "Каханне без памылкі" і іншыя. Другі год праводзіцца культурна-гістарычная імпрэза "Шляхецкі баль". Культуры сямейнага выхавання прысвечаны ў 2016 годзе цыкл мерапрыемстваў у клубе маладой сям'і "Бусел" Дунілавіцкага СДК.

Актыўную музычна-асветніцкую і педагагічную дзейнасць ажыццяўляюць школы мастацтваў раёна. У іх сёлета займаецца 708 дзяцей. Навучанне вядуць 79 настаўнікаў. Пры школах створана 28 калектываў мастацкай творчасці для дзяцей. Школы мастацтваў ствараюць спрыяльныя ўмовы для кожнага творчага аб'яднання і навучэнца для плённай і натхнёнай дзейнасці, яны штогод прымаюць удзел у гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных святах і фестывалях. У кожнай школе мастацтваў ёсць калектывы са званнямі "народны" і "ўзорны" (4 народныя і 2 узорныя). Назіраецца стабільны рост не толькі колькасці мерапрыемстваў, што праводзяцца, але і іх мастацкага ўзроўню. Вялікую цікавасць у гледачоў выклі-каюць справаздачныя канцэрты вучняў музычных школ.

Штогод выпускнікі школ паступаюць у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі. У 2015 годзе паступілі 10 чалавек. Лепшыя вынікі па прафарыентацыйнай рабоце — у школы мастацтваў імя А. Ромера, дзе ўсе мерапрыемствы вызначаюцца творчым падыходам і навізной.

Значная ўвага ў дзейнасці аддзела і ўстаноў культуры раёна надаецца фінансавым пытанням. Так, на 2016 год запланаваны бюджэтныя асігнаванні па галіне "Культура" ў памеры 14,5 млрд руб., што складае 114,8% да ўзроўню мінулага года, па галіне "Адукацыя" — 9,35 млрд руб., што складае 118,3% да ўзроўню мінулага года. Установы культуры аказваюць насельніцтву 112 відаў паслуг, 10 з якіх уведзены ў мінулым годзе, 5 — сёлета. За мінулы год атрымана 1,18 млрд руб. пазабюджэтных даходаў, на сёлетні год план — 1,45 млрд руб. Яго выкананне знаходзіцца на пастаянным кантролі.

Вядзецца падрыхтоўка да Міжнароднага фестывалю народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік", які адбудзецца 11-12 чэрвеня. Аргкамітэт і рэжысёры свята працуюць над канцэпцыяй і падрыхтоўкай мерапрыемстваў фестывалю. Запрашаюцца замежныя і прафесійныя калектывы. Адметна, што падчас фестывалю мы будзем святкаваць 25-годдзе "Паазер'я".

Па прычыне недастатковага фінансавання складана вырашаюцца пытанні паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў. У падпарадкаванне аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ўвайшоў былы кінатэатр. З 2012 года вядзецца яго рамонт на які выкарыстана каля 700 млн рублёў. У 2015 годзе быў запланаваны рамонт дахаў Юнькаўскага СДК і Навасёлкаўскага цэнтра культуры. Выкананы рамонт толькі ў Навасёлкаўскім цэнтры культуры, выкарыстана 121,9 млн рублёў.

Па галіне "Адукацыя" ў 2015 годзе выкананы бягучы рамонт у канцэртнай зале школы мастацтваў на 35,8 млн рублёў. Патрабуецца рамонт дахаў Валкоўскага, Лукашоўскага, Юнькаўскага клубаў, Пастаўскай школы мастацтваў.

У мінулым годзе па абласной праграме энергазберажэння ўстаноўлены энергазберагальныя катлы ў Пастаўскім краязнаўчым музеі. Выкарыстана 248,9 млн рублёў, з якіх 160 млн руб. — з рэспубліканскага бюджэту. На гэты год планавалася ўстанавіць такія катлы ў Варапаеўскай школе мастацтваў.

Школы мастацтваў маюць патрэбу ў новых музычных інструментах. Летась з запланаваных куплены толькі баян у Варапаеўскую дзіцячую школу мастацтваў.

Не маем ні бібліёбуса, ні аўтаклуба, з дапамогай якіх палепшылася б культурнае абслугоўванне аддаленых населеных пунктаў. Сёння патрэбны канцэртныя касцюмы для народных калектываў "Заранка", "25 плюс-мінус".

Праблем і цяжкасцей шмат. Гэта разумеюць і супрацоўнікі аддзела, і работнікі ўстаноў культуры і працуюць над іх вырашэннем у адпаведнасці з распрацаванымі мерапрыемствамі па правядзенні Года культуры і Праграмай захавання гісторыка-культурнай спадчыны на 2016—2020 гады, каб забяспечыць на належным узроўні культурнае абслугоўванне насельніцтва Пастаўскага раёна.

Интернет-ресурсы