Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 4-10-45 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Набережная Храм Постав Поставы ночью Дворец Тызенгауза Ночная набережная
Набережная
Набережная
Храм Постав
Поставы ночью
Дворец Тызенгауза
Ночная набережная
Главная / Новости / Новости района
10 июля 2019

Аб'яднаныя гордасцю і патрыятызмам

Галоўнае свята краіны — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — шырока адзначылі ў Паставах: мерапрыемствы доўжыліся з раніцы да ночы.

Урачыстасці распачаліся з ускладання вянкоў і кветак да помніка загінулым воінам па вуліцы Чырвонаармейскай. Затым аб'яднаныя памяццю пра гераічны лёс Радзімы пастаўчане сабраліся на плошчы Леніна, дзе адбыўся мітынг-рэквіем. Пад гукі маршу група сцяганосцаў унесла Дзяржаўны флаг Беларусі, флаг раёна і Чырвоны сцяг камсамольскай арганізацыі, уратаваны ў часы Вялікай Айчыннай вайны, і выстраілася каля абеліска. Вецер калыхаў палотнішчы, а людскія думкі — успаміны пра подзвіг продкаў, іх мужнасць і самаахвярнасць, якія мы ўзгадваем з удзячнасцю.





На долю беларусаў выпалі неймаверныя выпрабаванні, барацьба ішла за кожную пя­дзю роднай зямлі, а дарога да пераможнага салюта была надзвычай цяжкай. Каб адстаяць свабоду і суверэнітэт, спатрэбіліся каласальныя ахвяры, супрацьстаянне агрэсару было сапраўды ўсенародным. Вялікія страты панёс у гады ваеннага ліхалецця і Пастаўскі раён. Звыш васьмі тысяч мірных жыхароў знішчана і выгнана ў Германію на прымусовыя работы. Падчас карных аперацый спалена 77 вёсак. Бяда закранула амаль кожную сям'ю, таму вызваленне ад фашысцкай акупацыі стала для ўсіх радаснай і незабыўнай падзеяй. У пачатку ліпеня 1944 года войскі І Прыбалтыйскага фронту пад камандаваннем маршала І. Баграмяна пачалі наступленне ў напрамку Пастаў. Воіны 145-й Віцебскай стралковай дывізіі на чале з генерал-маёрам П. Дзібровам і іншыя воінскія падраздзяленні і злучэнні вызвалілі 4 ліпеня Варапаева, 5-га — Юнькі і Паставы, а 6-га чысла была вызвалена ўся Пастаўшчына.

Залатымі літарамі ў летапіс Вялікай Айчыннай вайны ўпісаны імёны нашых землякоў — Герояў Савецкага Саюза Фёдара Рыгоравіча Маркава і Ганны Іванаўны Маслоў­скай, загінулых маладых патрыётаў Яўгенія Брадовіча, Надзеі Асяненкі, Яўгеніі Машары, Усціна Ясюковіча і многіх іншых. Больш за тры тысячы нашых воінаў-землякоў, падпольшчыкаў і партызан удастоены баявых узнагарод. Назаўжды засталіся спаць вечным сном у брацкіх магілах на пастаўскай зямлі 780 воінаў-вызваліцеляў. Для нас справа гонару — падтрымліваць у належным стане месцы баявой і воінскай славы.

Дзень Рэспублікі — гэта свята, якое з'яўляецца сімвалам мужнасці, самаахвярнасці і адданасці Радзі­ме, сімвалам надзеі і аптымізму для наступных пакаленняў беларусаў, — гаварыў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. — Веліч сілы духу і патрыятызму народа, які выпакутаваў Перамогу, не здольныя засланіць гады. Усе мы ў неаплатным даўгу перад тымі, чые ахвяры і подзвігі далі чалавецтву будучыню. Мы нізка схіляем галовы перад памяццю паўшых. Бясконца ўдзячныя воінам Чырвонай арміі, партызанам, пад­поль­шчыкам, працаўнікам тылу. Паважаныя ветэраны! Нізкі вам паклон! Жывіце доўга, будзьце здаровыя і бадзёрыя, заставайцеся для нас прыкладам патрыятызму, мужнасці і сілы духу!

Кіраўнік раёна адзначыў, што сёння эстафету слаўных спраў годна працягваюць нашчадкі Вялікай Перамогі. Вайскоўцы часцей і падраздзяленняў, размешчаных на тэрыторыі раёна, надзейна абараняюць мірнае неба над галавой. Радуе поспехамі моладзь. Актыўную пазіцыю займаюць раённыя арганізацыі грамадскіх аб'яднанняў "БРСМ", "Белая Русь", прафсаюзы. Сяргей Васільевіч выказаў упэўненасць, што сваёй плённай працай і актыўнасцю ў грамадскім жыцці жыхары раёна зберагуць і прымножаць тое, што стварылі іх папярэднікі. Павіншаваў усіх са святам.

Да яго слоў далучыўся выконваючы абавязкі намесніка камандзіра 1-га радыётэхнічнага цэнтра па ідэалагічнай рабоце Сяргей Цеплякоў. Ён засяродзіў увагу на тым, што сучасная Беларусь упэўнена крочыць па шляху будаўніцтва прававой дзяржавы, няўхільна нарошчваючы эканамічную моц і дабрабыт грамадзян.

У гонар тых, хто загінуў на франтах Вялікай Айчыннай, вызваляў Радзіму, ляглі кветкі і вянкі да абеліска, метраном адлічыў хвіліну маўчання, быў дадзены трохразовы зброевы залп.

Затым урачыстым шэсцем калона пастаўчан накіравалася ў гарадскі парк на святочны канцэрт. Ён пачаўся з падняцця Дзяржаўнага флага Беларусі — аднаго з галоўных сімвалаў краіны. Гэта пачэснае права было дадзена намінантам ганаровага звання "Чалавек года Пастаўшчыны" — настаўніцы геаграфіі СШ №1 Ірыне Козіч і начальніку Варапаеўскай дыстанцыі пуці Аляксандру Кандыбіну.

Старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік і камісар раёна Мікалай Кулік правялі цырымонію ўзнагароджвання. Першымі на сцэну запрасілі ветэранаў вайны. Памятны знак "610 год гораду Паставы" ўручаны Іларыёну Русалоўскаму, юбілейны медаль "75 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў" — Віктару Ашчэпкаву і Барысу Сямашку. Такі ж юбілейны медаль атрымалі былыя малалетнія вязні Галіна Аляксеева, Зоя Бозрыкава, Галіна Івашчанка, Міхаіл Крукоўскі, Рыгор Леснікаў, Леанарда Масцяніца, а таксама ветэраны Узброеных Сіл і воіны-інтэрнацыяналісты Аляксандр Бежануца, Анатолій Калмык, Юрый Копасаў, Валерый Лушчык, Павел Рагіня, Віктар Сталярэнка, Юрый Шушуноў, Аляксандр Пешчаранкоў, Тажыдзін Міралаў, Уладзімір Кайда, Валерый Гарачка, Ста­ніслаў Раманчук, Васілій Хаўлюк і Уладзімір Скоўпень.

Ганаровай граматай абласнога Савета дэпутатаў за вялікі асабісты ўклад у арганізацыю дзейнасці па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны, даследчую і пошукавую работу, патрыятычнае выхаванне навучэнцаў адзначаны дырэктар Юнькаўскай ЯСБШ Аляксандр Кузняцоў. За актыўны ўдзел у ветэранскім руху і значны асабісты ўклад у патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення Ганаровай граматай абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджаны кіраўнік народнага хору ветэранаў Павел Рагіня, а кіраўнік музея баявой і працоўнай славы СШ №2 Рэгіна Ластоўская — Падзякай старшыні аблвыканкама. Наталіі Федаровіч уручана Падзяка старшыні райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу і вялікі асабісты ўклад у ваенна-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення.

Пад апладысменты гледачоў дэлегацыі ўзнагароджаных пакі­нулі сцэну, саступіўшы яе артыстам, каб тыя сваім талентам уславілі нашу квітнеючую Радзіму, родную Пастаўшчыну.

Каля раённага вузла паштовай сувязі каляровымі крэйдамі расквецілі асфальт навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера. Малявалі мір, кветкі, белакрылы сімвал Беларусі — буслоў. Імправізаваная мастацкая галерэя работ упрыгожыла прастору побач з фантанам.

Вечарам усіх ахвотных сустракала імправізаваная зала ля кінатэатра. Тут культработнікі ладзілі інтэрактыўную праграму: разам з гледачамі спявалі песні ваенных гадоў, танцавалі, частавалі прысутных салдацкай кашай. А яшчэ экзаменавалі на веданне ваеннай гісторыі, фільмаў, назваў вуліц райцэнтра ў гонар Герояў Савецкага Саюза, загадак і прымавак. А на развітанне прапанавалі паглядзець дакументальны фільм "Дарогамі вайны" і ваенную меладраму "Дняпроўскі рубеж".

І зноў усіх разам сабрала на плошчы маладзёжная акцыя "Вялікай Перамозе — 75". Гучалі тэматычныя песні, была арганізавана дыскатэка. Іскрынкай праграмы стаў флэш-моб, падчас якога прадстаўнікі раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі з лампадкамі ў руках выстраіліся ў лічбу 75. Сімвалізуючы пераемнасць пакаленняў, побач з моладдзю сталі ў строй ваенныя пенсіянеры ў кіцелях з медалямі.

За гадзіну да поўначы, аб'яднаныя пачуццём гонару і радасці за сваю краіну, пастаўчане "ўліліся" ў рэспубліканскую хвалю — далучыліся да акцыі "Спяём гімн разам!".

Наталля Налей, газета "Пастаўскі край"
Фота аўтара і Сяргея Вшыўкава

Интернет-ресурсы