Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 4-10-45, 8 (02155) 4-12-45 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: postavisp@vitebsk.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Набережная Поставы ночью Дворец Тызенгауза Ночная набережная Храм Постав
Набережная
Набережная
Поставы ночью
Дворец Тызенгауза
Ночная набережная
Храм Постав
Главная / Новости / Новости района
7 февраля 2018

Галоўны набытак – людзі

2 лютага ў Віцебску адбыліся ўрачысты сход і святочны канцэрт, прысвечаныя 80-годдзю ўтварэння вобласці, а таксама ўшаноўванне лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны-2017».

Сёлета юбілейны, 80-ты, дзень нараджэння адзначаюць адразу 4 вобласці — Віцебская, Гомельская, Мінская і Магілёўская. Ва ўрачыстасцях з нагоды ўтварэння паўночнага рэгіёна краіны ўдзельнічала вялікая колькасць гасцей. Сярод іх памочнік Прэзідэнта Аляксандр Косінец, Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў, а таксама іншыя афіцыйныя асобы з ліку кіраўніцтва розных міністэрстваў і ведамстваў, шматлікія дэлегацыі з ўсёй краіны і асобных расійскіх рэгіёнаў, з якімі Віцебшчына цесна супрацоўнічае.

У цырымоніі прыняў удзел і Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка. Ён уручыў губернатару вобласці Мікалаю Шарснёву Падзяку Прэзідэнта, аб’яўленую працаўнікам Віцебскай вобласці, і паведаміў пра галоўны падарунак ад імя кіраўніка краіны: з рэзервовага фонду Прэзідэнта выдзелены Br1 млн на рэканструкцыю ў бягучым годзе абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера. Са свайго боку Мікалай Шарснёў уручыў Уладзіміру Андрэйчанку як былому старшыні Віцебскага аблвыканкама Ганаровы дыплом. Такія ж атрымалі Уладзімір Кулакоў і Аляксандр Косінец. Гэтыя тры кіраўнікі ў цэлым узначальвалі вобласць 31 год.

Вяртаючыся ў мінулае, кіраўнік вобласці нагадаў, што новая старонка ў летапісе рэгіёна была перагорнутая 15 студзеня 1938 года. Тады рашэннем сесіі Вярхоўнага Савета СССР і была ўтворана Віцебская вобласць. Самая трагічная і адначасова гераічная старонка ў гісторыі вобласці — Вялікая Айчынная вайна. Яна прынесла велізарныя людскія страты, знішчаныя вёскі, разбураную народную гаспадарку. Але дзякуючы самаадданай працы жыхароў ужо ў 1954 годзе вобласць перавысіла даваенны ўзровень у прамысловасці, а праз пяць гадоў — і ў сельскагаспадарчай вытворчасці. На карце рэгіёна з’явіліся горад нафтахімікаў — Наваполацк — і горад энергетыкаў — Новалукомль.

Мікалай Шарснёў,
старшыня Віцебскага аблвыканкама:

«Гэта выдатная падзея збірае прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў Прыдзвіння. Мы ўшаноўваем людзей, якія сваімі працоўнымі дасягненнямі, актыўнай 

грамадзянскай пазіцыяй, асабістымі якасцямі заслужылі павагу калег і набылі вядомасць у грамадстве. Гэта майстры сваёй справы, якіх вызначае ўменне думаць па-наватарску, залаты фонд краю».

Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што зараз менавіта ў Віцебскай вобласці выпрацоўваюць амаль трэць усёй электрычнай энергіі ў краіне, яна — галоўны пастаўшчык даламітавай мукі, тут вырабляецца больш за 90% ільняных тканін, палімераў этылену, дываноў і дывановых вырабаў, звыш 50% — абутку. Знешнегандлёвыя адносіны звязваюць паўночны рэгіён Беларусі са 110 краінамі свету. Павялічваюцца аб’ёмы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, у 2017 годзе пачалі дзейнасць каля 300 прадпрыемстваў і вытворчасцей.

Губернатар вобласці адзначыў, што менавіта людзі ствараюць славу сваёй зямлі. А жыхары Прыдзвінскага краю заўсёды былі годнымі працаўнікамі і абаронцамі Айчыны. Больш за 300 ура­джэнцаў вобласці сталі Героямі Савецкага Саюза, Героямі Сацыялістычнай Працы, Героямі Беларусі, Героямі Ра­сійскай Федэрацыі, поўнымі кавалерамі ордэнаў Славы і Працоўнай Славы. Таму сімвалічны той факт, што падчас урачыстасці з нагоды святкавання 80-годдзя ўтварэння вобласці праходзіць і цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны». Сёлета яго ўдастоены 50 чалавек. Сярод іх, як ужо паведамлялася на старонках раённай газеты, брыгадзір брыгады тынкоўшчыкаў ДКУАБП “Рассвет Пастаўскі” Алена Букатая. Яна адзначана ў намінацыі “Жыллёва-камунальная і дарожная гаспадарка, будаў­ніцтва і архітэктура, паліўна-энергетычны комплекс, сувязь, транспарт і камунікацыі” за высокія вытворчыя паказчыкі: сярэдняя норма яе выпрацоўкі тынкавання склала 17 метраў квадратных пры норме 12.

Урачыстасці з нагоды 80-годдзя Віцебскай вобласці і ўшаноўвання лаўрэатаў звання “Чалавек года Віцебшчыны” завяршыў вялікі святочны канцэрт з удзелам прадстаўнікоў розных рэгіёнаў Прыдзвіння.

Па матэрыялах СМІ
Фота Людмілы Зелянкевіч
, газета “Пастаўскі край”