Сацыяльны пункт рэабілітацыі грамадзян адкрыўся на мінулым тыдні па вуліцы Савецкай, 3, — у будынку райбыткамбіната, дзе знаходзіцца тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і цырульня РКБА.
Трэці паверх будынка пэўны час пуставаў. І дырэктар ТЦСАН Дзіяна Пякарская вырашыла рацыянальна выкарыстаць плошчу. Спынілася на ідэі стварэння сацыяльнага пункта, яе падтрымаў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. Падключыліся сацыяльныя партнёры — кіраўнікі многіх прадпрыемстваў, тыя, хто не сумняваўся ў карысці задумы Дзіяны Іванаўны — і зрабілі ўсё для таго, каб новая ўстанова адпавядала сучасным патрабаванням.
Заходжу ў прасторнае светлае памяшканне. Яно падзелена на некалькі залаў. У першай — спартыўнай — устаноўлены трэнажоры, інструктар Ганна Купрэвіч вядзе заняткі.
— У аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту прыходжу практычна з дня яго адкрыцця, — гаварыла адна з актыўных яго наведвальніц Таццяна Бучнева. — Праўда, дабірацца ажно за бальніцу было не вельмі зручна. Цяпер ёсць магчымасць бываць тут часцей, бо гэта ў цэнтры горада. Цудоўнае месца, дзе так шмат робіцца для нашага разнабаковага развіцця, умацавання здароўя, падтрымкі актыўнасці і падаўжэння жыцця. У аддзяленні працуюць спецыялісты-прафесіяналы, якія ўмеюць зацікавіць нас, многаму навучыць. Калі хто яшчэ ні разу не быў у аддзяленні, раю прыйсці і праводзіць вольны час не пасіўна каля тэлевізара, а актыўна ў тэрытарыяльным цэнтры. Колькі тут аднадумцаў! Разам выязджаем на экскурсіі, культурныя мерапрыемствы. А як шмат іх ладзіцца ў аддзяленні! Нам тут вельмі цікава, адступаюць хваробы, дабаўляецца бадзёрасці, энтузіязму. Радуе, што пашыраюцца паслугі, накіраваныя на тое, каб людзі пенсійнага ўзросту маглі з карысцю праводзіць вольны час.
Далей на дыванках гімнастыкай займаюцца жанчыны залатога ўзросту. У дзіцячым гульнёвым пакоі вясёлыя клоўны забаўляюць малых. Тут устаноўлены батуты, дзіцячыя трэнажоры, горкі. Ёсць яркія кніжкі, якія на месцы можна пачытаць.
Сацыяльны пункт могуць навед-ваць не толькі пажылыя гра-мадзяне, але і мнагадзетныя, няпоўныя і апякунскія сем’і. Па рашэнні райвыканкама, паслугамі пункта могуць карыстацца і сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеці да 18 гадоў.
— Тут будзе цікава кожнаму, — гаварыла Дзіяна Іванаўна. — Арганізавана работа розных гурткоў і клубаў па інтарэсах. Мамы, напрыклад, могуць заняцца сваімі справамі, а дзетак у гэты час пазабаўляюць аніматары. У сацыяльным пункце можна адзначыць дзень нараджэння дзіцяці. Па жаданні нашы работнікі падрыхтуюць касцюміраванае віншаванне, забяспечаць музычна-песеннае суправаджэнне, правядуць гульні. Ёсць караоке. У спецыяльным пакоі можна заварыць чай з лекавых траў, разагрэць ежу і падсілкавацца.
Размяшчэнне сацыяльнага пункта ў цэнтры горада зручнае для наведвання. Заняткі пачынаюцца кожную гадзіну. А працуе ўстанова з 8 раніцы да 8 вечара з перапынкам на абед з 13.00 да 14.00.
На адкрыццё сацыяльнага пункта завіталі кіраўнік раёна Сяргей Чэпік, яго намеснік Юрый Кісялёў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч, сацыяльныя партнёры.
Асаблівую ўдзячнасць дырэктар ТЦСАН Дзіяна Пякарская выказала кіраўніцтву раёна, а за цеснае партнёрскае супрацоўніцтва — калектывам АБП «Рассвет Пастаўскі», ААТ «АўтатрансСтандарт», «Паставымэбля», ТАА «Мітара», райбыткамбіната, ГПУП «Дзімара» і асабіста кіраўнікам Альфрэду Мальцу, Уладзіславу Лашуку, Сяргею Лацецкаму, Міхаілу Трыказенку, Тэрэзе Карчажцы, Фаіне Савіч.
Вестку пра стварэнне сацыяльнага пункта хутка разнесла па горадзе «сарафаннае радыё». У панядзелак, праходзячы каля будынка, убачыла па-святочнаму апранутых дзетак. З паветранымі шарыкамі і ўсмешкамі яны выходзілі з памяшкання. Падзяліліся радасцю: адзначалі дзень нараджэння 5-гадовай дзяўчынкі. Станоўчыя эмоцыі перапаўнялі ўсіх.
Тэкст і фота Анны Анішкевіч, газета «Пастаўскі край», http://www.postawy.by/