Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 4-10-45 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Дворец Тызенгауза Храм Постав Поставы ночью Набережная Ночная набережная
Дворец Тызенгауза
Дворец Тызенгауза
Храм Постав
Поставы ночью
Набережная
Ночная набережная
Главная / Новости / Новости района
4 декабря 2019

У мінулую пятніцу Пастаўскі малочны завод адзначыў сваё 80-годдзе

Ад Смаленска да Хабараўска, ад Ташкента да Архангельска
вядома прадукцыя Пастаўскага малочнага завода – флагмана перапрацоўчай прамысловасці не толькі ў раёне, але і ў вобласці

У мінулую пятніцу прадпрыемства адзначыла сваё 80-годдзе. Юбілей і стаў нагодай для таго, каб сабрацца ўсім калектывам у раённым Доме культуры, запрасіць на яго шаноўных ветэранаў і ганаровых гасцей. З лёсам завода цесна пераплялася гісторыя нашага горада і жыцці сотні пастаўчан. Усё, чаго дасягнула прадпрыемства за перыяд сваёй дзейнасці, у першую чаргу заслуга работнікаў. У фае раённага Дома культуры шырока разгарнулася дэгустацыя прадукцыі. Асабліва цікавая яна была ветэранам: яны каштавалі навінкі, абмяркоўвалі смакавыя якасці, успаміналі гады сумеснай працы.

— Прыемна, што нас памятаюць, запрасілі на свята, — гаварылі многія. — Малады дырэктар заўсёды адклікаецца на нашы просьбы. Радыя за поспехі і дасягненні калектыву. Пра іх даведваемся з раённай газеты. Сёння для нас правялі экскурсію па заводзе, паказалі сучасную вытворчасць. Столькі зроблена! Малайцы! Так трымаць! Пройдзены сапраўды цярновы шлях.

Пра станаўленне і развіццё завода шмат гаварылі на свяце сённяшні дырэктар Георгій Касцень і былыя — Эдуард Казура, Валянцін Пылінскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто.

З арцельных сыраварняў Тызенгаўзаў 

Прамысловая вытворчасць малочнай прадукцыі на Пастаўшчыне, у тым ліку сыру, бярэ свой пачатак з канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя з арцельных сыраварняў Антонія і Канстанціна Тызенгаўзаў. Мяняліся гаспадары, месцы «прапіскі» прадпрыемства, наменклатура выпускаемай прадукцыі, тэхналогіі. Да сярэдзіны XX стагоддзя ўсе працэсы выконваліся ўручную, для ахалоджвання малака выкарыстоўваўся лёд, які нарыхтоўвалі зімой. Малако і іншая малочная прадукцыя развозіліся на цялегах.

У 1958 годзе ў сувязі з ростам аб’ёмаў вытворчасці малака ў сельскагаспадарчых агранізацыях і ў насельніцтва, а таксама з улікам попыту на малочную прадукцыю было прынята ўрадавае рашэнне аб будаўніцтве новага малакаперапрацоўчага прадпрыемства. Пад яго ўзвядзенне выбралі пляцоўку па вуліцы Крупскай. У 1963 го­дзе новы малочны завод пад кіраўніцтвам Мікалая Голубева прыступіў да работы. За змену тут выпускалі 5 000 кілаграмаў  масла, 1 160 кг сухога малака, 240 кг тварагу. Вытворчасць паступова мадэрнізавалася. А ўжо ў 70—80-я гады, калі прадпрыемствам кіравалі Аркадзій Норкін, Аляксей Брэнь, Яўгеній Турчынскі, яно неаднаразова станавілася пераможцам усесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў.

На мяжы краху 

У 1988 годзе Пастаўскі завод сухога абястлушчанага малака перадалі ў падпарадкаванне Глыбоцкаму малочнакансерваваму камбінату. Была страчана фінансавая самастойнасць, асноўная частка абсталявання дэманціравана і вывезена. Прадпрыемства, якое да гэтага выпускала поўны спектр натуральнай малочнай прадукцыі, цяпер пастаўляла ў продаж толькі біклажнае малако. У горадзе сталі ўзнікаць перабоі з пастаўкай малочнай прадукцыі. На заводзе засталося працаваць усяго 60 работнікаў.

Адраджэнне 

У мэтазгоднасці адраджэння завода ў 1992 годзе кіраўніцтва вобласці здолеў пераканаць мэтанакіраваны і настойлівы старшыня райвыканкама Васілій Чэпік. Кіраваць калектывам даверыў энергічнаму Эдуарду Казуру.

— Час быў неймаверна цяжкі, — успамінаў на свяце Эдуард Пятровіч.  — Развальваўся Саюз, не хапала фінансаў. Ездзілі ў Расію, дзе таксама закрываліся заводы і разукамплектоўвалася абсталяванне. Прывозілі адтуль усё неабходнае, збіралі і аснашчалі завод па крупінках. Вялікі ўклад у аднаўленне вытворчасці ўнеслі Таццяна Багданава, Аляксей Алдашкін, Валянціна Лапко, Грыгорый Жук і іншыя. Многае даводзілася ўзгадняць на ўзроўні міністэрстваў і Савета Міністраў Беларусі. Падтрымку з боку Васілія Васільевіча адчуваў пастаянна. Дырэктарам я адпрацаваў 12 гадоў. Было няпроста, але цікава.

Расшыралася вытворчасць, выпускаліся новыя віды прадукцыі: фасаваныя малако і масла, кефір, тварог, смятана, сыр «Адыгейскі». Кіраўніцтва і работнікі прыкладвалі шмат намаганняў па наладжванні сувязей, пошуках рынкаў збыту. У 1996-м увялі новы цэх па вытворчасці масла, на наступны — паўцвёрдых сыроў, яшчэ праз год — ёгуртаў. У 1998 годзе завод наведаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які высока ацаніў зробленае, што надало сіл і стымулявала да далейшага развіцця. Прадпрыемства павялічыла свае магутнасці, пачало выпуск значнага на той момант прадукту — тэхнічнага казеіну, распачало рэканструкцыю цэха па вытворчасці сыроў, распрацоўку ўласнай гандлёвай маркі.

— Пазней я стаў старшынёй райвыканкама, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, але справамі прадпрыемства па-ранейшаму цікавіўся, — працягваў Эдуард Казура. — Па магчымасці дапамагаў вырашаць многія пытанні. Радуюся сённяшнім поспехам завадчан. Няпроста выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, але ў іх гэта атрымліваецца. Вялікая заслуга ў гэтым маладога, ініцыятыўнага, перспектыўнага дырэктара Георгія Касцяня, з’яднанага калектыву прафесіяналаў.

У раёне стала цесна 

У пачатку 2000-х прадукцыі Пастаўскага малочнага завода стала цесна ў раёне, і яна пачала заваёўваць рынкі Віцебска і іншых гарадоў вобласці. Першая сярод аналагічных «пакарыла» сталіцу. У 2004 годзе кіраўніцтва заводам узяў на сябе сапраўдны стратэг — Іван Юхно. Пры ім завяршылася рэканструкцыя сыраробнага цэха, была пабудавана новая кацельня на газе, мадэрнізавана вытворчасць казеіну, праведзена поўная рэканструкцыя цэха па вытворчасці натуральнамалочнай прадукцыі. У гэты час укараняецца сістэма кіравання якасцю. У прадпрыемства  з’явілася гандлёвая марка «Паставы-гарадок».

І ўвесь гэты час кіраўніцтва не пакідала думка пра новую сучасную вытворчасць сыроў.  У 2010 годзе ў вобласці падтрымалі ідэю будаўніцтва новага цэха магутнасцю 20 тон сыроў у суткі і ўключылі прадпрыемства ў Дзяржаўную праграму. Згодна з ёй, у верасні 2011 года пачалося ўзвядзенне цэха і новая гісторыя завода. У жніўні 2013-га ў ім ужо выпусцілі першую партыю сыроў, а ў кастрычніку цэх пацвердзіў праектную магут­насць.Паралельна была ўведзена ў эксплуатацыю новая аміячная халадзільная ўстаноўка. Прадукцыя стала выходзіць на расійскія рынкі.

Карысная, экалагічна чыстая 

Як вынік карпатлівай працы   прадпрыемства — давер спажыўцоў і паспяховая рэалізацыя прадукцыі. А яна ўжо на працягу многіх гадоў сярод пераможцаў нацыянальных і міжнародных конкурсаў і выстаў, такіх як «Прадэкспа», «Чэмпіён смаку», «Брэнд года», «Народная марка», «Найлепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» і іншых.

Для таго, каб прадукцыя карысталася попытам, яна павінна адпавядаць усім тэхналогіям вытворчасці і стандартам. Менавіта такой з’яўляецца прадукцыя пад гандлёвай маркай «Паставы-гарадок». Для павышэння яе якасці рэканструяваны цэх па вытворчасці масла, лабараторыя і ўчастак прыёмкі малака, вядзецца рэканструкцыя складоў гатовай прадукцыі, расшыраецца аўтапарк.

Летась завод атрымаў сертыфікат «Халяль» — дакументальнае пацвярджэнне таго, што прадукцыя выраблена па спецыяльнай тэхналогіі, з захаваннем норм мусульманскіх традыцый і дазволена ім да ўжывання. Яна здаровая і карысная, а таксама экалагічна чыстая. Такі сертыфікат выдаецца Міжнародным цэнтрам стандартызацыі і сертыфікацыі «Халяль» Савета муфтыяў Расіі і дае магчымасць хутка і эканамічна выгадна экспартаваць вырабленае ва ўсе краіны мусульманскага свету. Пастаўская малочная прадукцыя запатрабавана на рынках ад Смаленска да Хабараўска, ад Ташкента да Архангельска. Па выніках работы за 2017 год калектыў нашага завода занесены на абласную і рэспубліканскую Дошкі гонару.

Для атрымання прадукцыі патрэбна сыравіна. Таму прадпрыемства актыўна ўкладвае свае сродкі ў развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці ў ААТ «Камайскі-агра». Шляхам сумесных намаганняў гаспадарка ў паўтара раза павялічыла  рэалізацыю малака і мяса, у 3 разы — валавы намалот зерня, жывёла ў поўнай меры забяспечана кармамі. Закуплена больш за 30 адзінак тэхнікі. У планах будаўніцтва новага сучаснага малочнатаварнага комплексу.  

У перспектыве – аграхолдынг 

Падчас нядаўняй нарады па развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу стварыць аграхолдынгі, узначаляць якія перапрацоўчыя прадпрыемствы. Пад іх патрэбнасці будзе развівацца сыравінная база, якая сфарміруецца з розных гаспадарак. У мінулую пятніцу на Пастаўскім малочным заводзе пабывалі прадстаўнікі Віцебскага аблвыканкама, Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і іншых зацікаўленых структур. Старшыня праўлення Нацбанка Павел Калавур паведаміў, што на базе Пастаўскага малочнага завода плануецца стварэнне аграхолдынгу, у давяральнае кіраўніцтва якім увойдуць 6-7 прадпрыемстваў. Якім чынам яно будзе ажыццяўляцца, яшчэ не вызначана. Удзельнікамі праекта стануць некалькі банкаў, дзяржаўныя страхавыя органы, Віцебскі аблвыканкам і Пастаўскі райвыканкам. Такім чынам сумеснымі намаганнямі будзе забяспечана выкананнем задачы, пастаўленай кіраўніком дзяржавы.

Галоўныя крытэрыі – якасць і кадравы патэнцыял 

Пра дасягненні калектыву Пастаўскага малочнага завода гаварылі першы намеснік дырэктара Віцебскага канцэрна «Мяса-малочныя прадукты» Наталля Бортнік, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Генадзій Лютынскі. Сярод галоўных набыткаў выступоўцы адзначылі высокую якасць выпускаемай прадукцыі і добры кадравы патэнцыял, якому пад сілу вырашаць любыя задачы: праводзіць мадэрнізацыю, распрацоўваць новыя віды прадукцыі, асвойваць рынкі збыту. Заслужаным работнікам завода госці ўручылі Ганаровыя граматы і падзякі. На свяце прысутнічалі больш за 60 ветэранаў прадпрыемства. Усіх іх запрасілі на сцэну і ўручылі падарункі. А завяршылася мерапрыемства канцэртам Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры». На яго арганізатары запрасілі не толькі работнікаў завода, але і партнёраў — прадстаўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, а таксама людзей з абмежаванымі магчымасцямі з Дунілавіцкага дома-інтэрната і аддзялення дзённага знахо­джання інвалідаў Пастаўскага ТЦСАН.

Тэкст і фота Анна Анішкевіч, газета “Пастаўскі край”





Интернет-ресурсы