Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 4-10-45, 8 (02155) 4-12-45 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: postavisp@vitebsk.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Дворец Тызенгауза Набережная Ночная набережная Храм Постав Поставы ночью
Дворец Тызенгауза
Дворец Тызенгауза
Набережная
Ночная набережная
Храм Постав
Поставы ночью
Главная / Новости / Новости района
11 июня 2019

Узнёслае, творчае, спеўнае свята адбылося ў Паставах 7—9 чэрвеня

На гэты раз яно было асаблівым — юбілей адзначаў і горад, і фестываль.

На ХХХ Міжнародны фестываль народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік" з'ехаліся больш за 400 гасцей з Беларусі, Грузіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Эстоніі. Самабытнае хараство і непаўторнасць нацыянальных культур, нібы асобныя яркія колеры, спляліся ў прыгожую вясёлку, утварыўшы своеасаблівы мост сяброўства паміж народамі.

На працягу трох дзён на розныя галасы спявалі шматлікія творчыя пляцоўкі: адбыліся традыцыйны конкурс калектываў і асобных выканаўцаў на народных інструментах "Хто каго?", тэатралізаванае прадстаўленне "Музыка беларускіх палацаў і сядзіб", выступленні замежных творчых калектываў у аграгарадках раёна, літаратурна-музычнае свята "І будзе слова землякоў гучаць над роднаю старонкай", творчая лабараторыя "Фальклорны ансамбль "Паазер'е". Гіс¬торыя і сучаснасць", канцэрты беларускай і класічнай музыкі, ваенна-духавога аркестра, вучняў Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Быццам залы мастацкай галерэі, сустракалі выстава "Скарбонка народных талентаў" і экспазіцыя, прысвечаная 30-годдзю фестывалю. Юбілею горада прысвячаліся і ўрачысты сход, навукова-практычная канферэнцыя, адкрыццё краязнаўчай бібліятэкі і мемарыяльнай дошкі ў гонар ура¬джэнца Пастаўшчыны — вядомага беларускага і польскага кампазітара, дырыжора і педагога Станіслава Казуры.

Суцэльным колам акружылі плошчу Леніна ў райцэнтры выстава-продаж "Горад майстроў" і атракцыёны для дзяцей. Тут жа праходзіў агляд-конкурс сельскіх падворкаў "Пастаўшчына гасцінная", прысвечаны Году малой ра¬дзімы. Як заўсёды, вяскоўцы здзіўлялі гасцей арыгінальным афармленнем тэрыторыі, забаўляльнай праграмай, частавалі смачнымі стравамі. Падворкі "абдымалі" крыламі буслы, шумеў бярозавы гай, пасвіліся каровы, гуляў мядзведзь, каласілася жыта, квіт¬нелі васількі, змяняліся поры года. Гасцінна сустракаў жывы "стол", забаўляў ансамль лыжкароў і лялечны тэатр, у танцы кружылася Баба Яга і нават працавала лазня — словам, у каго на што хапіла фантазіі. Больш за астатніх членаў журы ўразіў творчы падыход Ярэўскага сельскага Савета (старшыня — Павел Скрыдлеўскі), якому і прысу¬джана першае месца.

Урачыстае адкрыццё фестывалю адбылося ў суботу вечарам святочнай праграмай "З юбілеем, родны горад!". Распачало яе відовішчнае выступленне народнага ансамбля танца "На ростанях" Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў пад акампанемент народнага ансамбля народнай песні і музыкі "Шчодрыца" Мінскага гарадскога палаца культуры.

— Фестываль "Звіняць цымбалы і гармонік" увасабляе культурнае і духоўнае адзінства, сяброўства і ўзаемаразуменне паміж народамі, — адзначыў, вітаючы ўдзельнікаў форуму народнай музыкі старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік. — За час свайго існавання ён набыў шмат прыхільнікаў, і гэта вялікая ўдача для творчага праекта. Прадстаўнічасць святу надае шырокае кола творчых калектываў і аўтарытэтнае журы на чале з народным артыстам Беларусі Міхаілам Казінцом. Фестываль мае шмат цікавых традыцый, якія ўвесь час дапаўняюцца новым фарматам, дазваляючы святу ўдасканальвацца і набіраць новыя вяршыні.

На тым, што наш фестываль прывабны сваёй кансерватыўнасцю, уласцівай народнай творчасці, засяродзіў увагу старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Ця¬рэнцьеў:

— Менавіта ў кансерватызме і заключаецца наватарства, бо, захаваўшы свой стрыжань, фестываль развіваецца. І што надзвычай важна — заўсёды прыносіць новыя незабыўныя эмоцыі.

За значны ўклад у развіццё аматарскай фальклорнай творчасці Уладзімір Уладзіміравіч узнагароджаны падчас свята падзякай Саюза фалькларыстаў.

Шчырымі апладысментамі віталі гледачы ганаровых гасцей, журы конкурсу, творчыя калектывы і афіцыйныя дэлегацыі. За нязменнымі атрыбутамі свята — абрадам кумлення, узняццем Дзяржаўных флагаў у гонар замежных гасцей і ў знак сяброўства паміж краінамі, павязваннем фестывальных шалікаў — за некалькі імгненняў пранеслася векавая гісторыя Пастаў. Старажытных насельнікаў мястэчка змяніў знатны род Тызенгаўзаў, абаронцаў Айчыны ўсіх часоў — шэсце найлепшых прадстаўнікоў працоўных калектываў. Завяршылі парад спартыўныя і цыркавыя зорачкі раёна.

Прыемныя хвіліны ад сустрэчы з сапраўдным мастацтвам падаравала музычна-тэатралізаванае прадстаўленне "Пастаўскі баль". Хараством і непадабенствам сваіх выступленняў яго расквецілі айчынныя калектывы "Паазер'е" (Паставы), "Народныя музыкі" (Брэсцкая вобласць), "Рамантык Арт" (Гро¬дзенская вобласць), "Стрэчанне" (Гомельская вобласць), "Світанак" (Магілёўская вобласць), "Лебедзеўскія выкрутасы" (Маладзечанскі раён), "Шчодрыца" (Мінск), аркестр баянаў і акардэонаў Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа. З народнай творчасцю замежных краін пазнаёмілі ансамбль літоўскай народнай музыкі "Музыкі Купішскага краю", ансамбль грузінскага танца "Сонечная Грузія", калектыў народнага танца "Варэнне з журавін" (Эстонія), музычная капэла "Рэтра" (Польшча), ансамбль "Носканя" і харавая група "Віесітэ" (Латвія), народны ансамбль рускай песні "Масковія" (Расія).

Такі мікс нацыянальных культур "падаецца" на Пастаўскім балі штогод — за час існавання ўдзел у фестывалі прынялі больш за 600 творчых калектываў з 20 краін свету. Многія захавальнікі самабытнай спадчыны прыязджаюць да нас не ўпершыню. У тым ліку і замежныя госці. Напрыклад, калектыў з Эстоніі завітаў на музычнае свята ў другі раз.

— Наш калектыў — аматарскі. У паўсядзённым жыцці мы — горныя інжынеры, настаўнікі, выхавальнікі, бізнесмены, і ўсе без выключэння — сямейныя пары. Праект пачаўся з таго, што мы развучылі два народныя танцы, каб падтрымаць сваіх дзяцей-гімназістаў, якія займаюцца харэаграфіяй, і выступіць, як і яны, на гарадскім мерапрыемстве, прысвечаным традыцыйнай культуры. І нас гэта настолькі захапіла, што разысціся ўжо не змаглі: сёлета нашаму калектыву споўніцца 10 гадоў, — расказваў Андрэ Людэ. — Фестываль вабіць прыемнай атмасферай, непаўторнасцю нацыянальных культур. На гэты раз парадаваў шыкоўным надвор'ем. Можна сказаць, што ў гэтым годзе мы ўпершыню грэліся на сонейку, бо на нашай Радзіме лета яшчэ не прыйшло.

З надыходам прыцемак мастацтвам дзей з жывым агнём гледачоў зачараваў святочны рэактар "Атома". Утаймавальнікі агню здзівілі эфектным валоданнем піратэхнічным, вугальным і святлодыёдным рэквізітам. Маладзёжныя ноткі ў гучанне фестывалю ўнёс канцэрт групы "PROвакацыя", якой, прытанцоўваючы, усе дружна падпявалі. Завяршылася баляванне феерверкам і забаўляльнай праграмай для моладзі з удзелам лепшых дзіджэяў вобласці.

У нядзелю "ўсім мірам" ¬удзельнікі і госці фестывалю накіраваліся ўрачыстым шэсцем у гарадскі парк, дзе адбыўся заключны гала-канцэрт. Артыстаў і знаўцаў народнай музыкі сустрэў абноўлены летні амфітэатр — разам з іншымі аб'ектамі райцэнтра ён быў дасканала падрыхтаваны да сустрэчы доўгачаканых гасцей. Тым, хто ўнёс важкі ўклад у развіццё фестывальнага руху, кіраўнік раёна ўручыў Падзячныя лісты, Па¬дзякі і Ганаровыя граматы райвыканкама. А першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Карчэўская ўручыла ўзнагароды ведамства старшыні райвыканкама Сяргею Чэпіку, яго намесніку Юрыю Кісялёву, начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіне Чаплінскай, члену народнага клуба "Майстры" Ліліі Зарэцкай і мастацкаму кіраўніку раённага Дома культуры Алене Слядзеўскай.

Завяршылася трохдзённае свята ўзнагароджаннем пераможцаў конкурсу "Хто каго?". За папулярызацыю народнага мастацтва, захаванне і развіццё музычных традыцый спецыяльным дыпломам фестывалю "Лаўрэат І ступені" ў намінацыі "Настаўнік—вучань" узнагароджаны вучні Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза Дар'я Гучык (выкладчык па класе цымбалаў — Галіна Барысюк) і Аляксандр Іжмайловіч (выкладчык па класе баяна — Святлана Пусько), у намінацыі "Індывідуальны выканаўца" — студэнтка Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа Ганна Мацвейка, а ў намінацыі "Ансамбль" — народны аматарскі ансамбль народнай музыкі і песні "Стрэчанне", ансамбль літоўскай народнай музыкі "Музыкі Купішскага краю" і народны ансамбль народнай песні і музыкі "Шчодрыца".

У чарговы раз пастаўчане развіталіся з "цымбаламі" (так скарочана называюць у народзе фестываль), каб у наступным годзе зноў наталіцца мілагучнасцю песень, напеваў і мелодый сваёй і іншых краін.

Вераніка Філановіч, газета "Пастаўскі край"

Интернет-ресурсы