Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 4-10-45, 8 (02155) 4-12-45 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: postavisp@vitebsk.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Храм Постав Ночная набережная Поставы ночью Набережная Дворец Тызенгауза
Храм Постав
Храм Постав
Ночная набережная
Поставы ночью
Набережная
Дворец Тызенгауза
Главная / Новости / Новости района
13 мая 2019

З пашанай да старадаўніх арганаў

Музычнае свята "Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны" ў шосты раз завітала ў наш раён.

Адкрыццё фестывалю прайшло ў камайскім касцёле, дзе больш за 120 гадоў таму быў ахрышчаны, а пазней стаў музіцыраваць на аргане будучы польска-беларускі арганіст і кампазітар XX стагоддзя, прафесар, музычны крытык і арганізатар першых міжнародных фестываляў арганнай музыкі ў Польшчы і Германіі Браніслаў Руткоўскі.

Сёлетні канцэрт прысвяцілі паэту, настаўніку Аркадзю Нафрановічу, большая частка жыцця якога прайшла на Камайшчыне і якому ў гэтыя дні споўнілася б 83 гады. На жаль, таленавітага земляка няма сярод нас, але засталася яго багатая літаратурная спадчына. Работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі разам з настаўнікамі і вучнямі мясцовай школы падрыхтавалі невялікае літаратурнае свята. Гучалі вершы паэта, лейтматывам якіх з'яўляецца сыноўняя любоў да роднай зямлі, да Бацькаўшчыны. Цудоўныя краявіды, блакітныя азёры, крыніцы натхнялі пісьменніка на творчасць.

Бываючы ў камайскім касцёле, заўсёды захапляюся голасам мясцовай арганісткі Алены Даўжук. Хор пад яе кіраўніцтвам упрыгожвае святую Імшу цудоўным спевам. Пробашч касцёла Яцэк Хутман запрасіў прысутных застацца на канцэрт вядомага арганіста мінскага касцёла Святой Тройцы Віктара Кісценя і салісткі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Наталлі Акінінай.

Наталіцца гучаннем арганаў, на якіх віртуозна грала кандыдат мастацтвазнаўства, арганістка Святлана Немагай, і спевам салісткі Беларускай дзяржаўнай філармоніі Тамары Рэмез маглі парафіяне лынтупскага і лучайскага храмаў.

А вечарам у касцёле Святога Антонія Падуанскага ў Паставах адбылося закрыццё фестывалю. Спачатку Ігар Пракаповіч і гімназісткі Кацярына Музычэнка і Ларыса Скрыпко прэзентавалі сваю кнігу "Арганная культура Пастаўшчыны".  Для збору матэрыялу краязнаўца з вучаніцамі павандравалі па касцёлах нашага раёна. Падчас экспедыцый пабывалі ў Камаях, Лынтупах, Лучаі, Варапаеве, сустракаліся з рознымі людзьмі, гутарылі, даследавалі, вывучалі старажытныя арганы. Сабраныя  звесткі аформілі ў кніжку.

Затым гаспадаром пастаўскага аргана на пэўны час стаў Віктар Кісцень. З замілаваннем слухалі прысутныя і прафесійны спеў Наталлі Акінінай. Гучалі творы кампазітараў арганнай музыкі розных часоў — ад XIV стагоддзя да нашых дзён.

На завяршэнне намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў падзякаваў артыстам за іх высокае мастацтва і майстэрства, пробашчам касцёлаў, а асабліва ксяндзу Вадзіму Прасяному — за зычлівасць і падтрымку фестывалю, гледачам — за прыхільнасць да арганнай музыкі і шчырыя апладысменты для выканаўцаў. Артысты атрымалі памятныя сувеніры і кветкі.

У фестывалі прынялі ўдзел не толькі жыхары нашага раёна, але і шматлікія госці з Мінска. Аматары арганнай музыкі прыехалі на Пастаўшчыну на двух аўтобусах. І пакідалі наш паазерскі край поўныя ўражанняў. Іх захапілі старажытныя храмы, чысціня райцэнтра, гасціннасць пастаўчан.

— Абавязкова прыедзем на наступны фестываль, — запэў­нівалі развітваючыся.

Тэкст і фота Анны Анiшкевіч, газета «Пастаўскі край»

Интернет-ресурсы