Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 4-10-45 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Поставы ночью Набережная Ночная набережная Храм Постав Дворец Тызенгауза
Поставы ночью
Поставы ночью
Набережная
Ночная набережная
Храм Постав
Дворец Тызенгауза
Главная / Новости / Новости района
12 октября 2016

За прафесіяналізм, адданасць хлебаробскай справе

8 кастрычніка ў Сянно прайшло рэгіянальнае свята-кірмаш працаўнікоў вёскі Віцебскай вобласці "Дажынкі-2016". Дэлегацыю нашага раёна ўзначальваў старшыня райвыканкама Віктар Сяргеевіч Гутараў. У яе склад уваходзілі першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сяргей Васільевіч Чэпік, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Рычардавіч Зямчонак, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, галоўныя спецыялісты райсельгасхарчу і шэрага гаспадарак.

Адпраўляючыся з Пастаў у 5 гадзін раніцы, кожны жадаў, каб пагодлівым выдаўся дзень. Але, праязджаючы па тэрыторыі нашага і суседніх раёнаў, гэта на-дзея ўсё больш страчвалася, бо ўвесь час ішоў дождж. Затое якой была радасць, калі на пад'ездзе да Сенненскага раёна праяснілася неба і нечакана засвяціла сонца! А за некалькі кіламетраў да сталіцы абласных «Дажынак» картэж аўтобусаў з дэлегацыямі нашага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Браслаўскага і Шаркаўшчынскага раёнаў сустракалі гаспадары. У маляўнічым месцы гасцям уручылі караваі. Іх віталі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці і запрасілі пакаштаваць розныя стравы, прыгатаваныя па мясцовых рэцэптах. Прыгожымі выглядалі сталы-выставы з багатымі дарамі восені.

Гасціннасць і сардэчнасць, якія адчулі ўдзельнікі свята, ступіўшы на сенненскую зямлю, спадарожнічалі ім і ў далейшым. Шмат уражанняў засталося ад знаёмства з памаладзелым горадам, у якім за параўнальна кароткі адрэзак часу было зроблена вельмі многае. Ён папрыгажэў, стаў больш утульным, з'явіліся новыя аб'екты сацыяльна-культурнай інфраструктуры. Сапраўдным падарункам для сенненцаў, як адзначыў старшыня райвыканкама Васілій Анатольевіч Чарэднік, сталі новы будынак ЗАГСа, рэканструяваныя фізкультурна-спартыўны комплекс і раённы Дом культуры. Вялікая работа праведзена па капітальным і бягучым рамонце жыллёвага фонду, галоўнай плошчы і вуліц горада. Абноўлены будынкі дзіцячай школы мастацтваў, цэнтральнай райбібліятэкі, гісторыка-краязнаўчага музея, устаноў адукацыі і аховы здароўя, магазінаў і аб'ектаў грамадскага харчавання і шэраг іншых.

Усё гэта ў спалучэнні з яркімі фарбамі восені, лагодным надвор'ем, шматлікімі святочнымі пляцоўкамі, на якіх на працягу дня ладзіліся розныя мерапрыемствы, стварала прыўзняты настрой, выклікала радасць, светлыя, пазітыўныя эмоцыі. І ўсё ж галоўная ўвага была звернута на цэнтральную плошчу горада, якая стала месцам ушаноўвання працаўнікоў вёскі Прыдзвінскага краю.

Удзельнікі і арганізатары фестывалю-кірмашу віталі Старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Леаніда Васільевіча Анфімава, памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўнага інспектара па Віцебскай вобласці Аляксандра Рыгоравіча Пазняка, кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў краіны, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Сярод ганаровых гасцей з Расійскай Федэрацыі былі вядомы спартсмен, дэпутат Дзяржаўнай думы Мікалай Сяргеевіч Валуеў, кіраўнікі і прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады Бранскай, Цвярской, Пскоўскай і Смаленскай абласцей. На ўрачыстай цырымоніі ўшаноўвання герояў "Дажынак" прысутнічалі дэлегацыі гарадоў і раёнаў, ветэраны працы, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый Прыдзвінскага краю.

Вітаючы іх, старшыня абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Мікалаевіч Шарснёў падкрэсліў, што дасягненні аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны — гэта вынік напружанай паўсядзённай працы радавых работнікаў сельгаспрадпрыемстваў, перапрацоўчых і абслуговых арганізацый, фермераў, спецыялістаў, кіраўнікоў, вучоных, ветэранаў, моладзі, работнікаў сацыяльнай і культурнай сфер на сяле. Каб аб'ектыўна ацаніць работу аграрыяў, неабходна ўлічваць умовы, у якіх ім даводзіцца працаваць. Сёлетняя веснавая сяўба праходзіла ў вельмі складаных кліматычных умовах. У выніку да 5 мая ў Шаркаўшчынскім, Пастаўскім і Гарадоцкім раёнах было пасеяна менш за 30% яравых зерневых да плана, а некаторыя гаспадаркі яшчэ толькі прыступілі да сяўбы. Выпрабаваннем стала і засуха, якая з сярэдзіны мая доўжылася на працягу 40 дзён у заходніх раёнах вобласці. І падчас уборачнай кампаніі — з сярэдзіны ліпеня і практычна ўвесь жнівень — ішлі дажджы.У выніку прыродных катаклізмаў вобласць страціла значную частку ўраджаю. Валавы збор зерня ва ўсіх катэгорыях гаспадарак склаў толькі 880 тысяч тон, або 61% да мінулагодняга. А Глыбоцкі, Міёрскі, Сенненскі, Ушацкі, Шаркаўшчынскі і Шумілінскі раёны сабралі ўсяго палову мінулагодняга ўраджаю.

— Разам з тым лічу, што аграрыі вытрымалі экзамен, — адзначыў губернатар. — На высокім прафесійным узроўні працавалі агранамічная і інжынерная службы. Нягледзячы на складаныя ўмовы, найлепшыя вынікі паказалі менавіта тыя гаспадаркі, якія працуюць стабільна. У СВК "Ларынаўка" Аршанскага раёна сярэдняя ўраджайнасць зерневых склала 60,9 цэнтнера з гектара, ААТ "Хацілы-агра" Пастаўскага раёна — 55 цэнтнераў. Вобласць выканала дзяржаўны заказ па продажы збожжа. У поўным аб'ёме засыпаны насенныя фонды. Ёсць дастаткова зерня для рацыянальнага забеспячэння жывёлагадоўлі канцэнтраванымі кармамі.

Добрабыт сельскай гаспадаркі на Віцебшчыне залежыць ад вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі. Стабільная кармавая база, павелічэнне аб'-ёмаў нарыхтоўкі травяністых кармоў сталі ў гэтым годзе стратэгічным кірункам раслінаводства. Пашырэнне плошчаў шматгдовых траў, павелічэнне ўдзельнай вагі канюшыны, упор на зернебабовыя культуры, тэхналагічнае вырошчванне кукурузы пацвердзілі правільнасць выбранай стратэгіі. На сённяшні дзень мы маем ужо больш за 25 ц к. адз. на ўмоўную галаву жывёлы, што на 20% вышэй за ўзровень мінулага года. А ўсяго будзе нарыхтавана каля 30 ц к. адз., або паўтарагадавы аб'ём кармоў.

Нам трэба і ў далейшым забяспечваць жывёлагадоўлю ўласнымі таннымі кармамі, мець у агульнай структуры пасеваў не менш за 20% зернебабовых і намалочваць іх 200-250 тысяч тон. Да 100 тысяч гектараў трэба пашырыць пасевы рапсу і атрымліваць не менш за 200 тысяч тон масланасення.

Далей у сваім выступленні М. М. Шарснёў гаварыў аб неабходнасці забеспячэння сельгасарганізацый якаснай, высокапрадукцыйнай тэхнікай, працягу работы па канцэнтрацыі і ўмацоўванні вытворчасці шляхам стварэння інтэграцыйных структур і буйных холдынгаў, падзякаваў усім за дапамогу, якая аказваецца аграрыям.

Працяглай і ўрачыстай атрымалася цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненне найлепшых вынікаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур. У іх ліку былі прадстаўнікі нашага раёна. Cтаршыня аблвыканкама М. М. Шарснёў уручыў дыплом, падмацаваны грашовай прэміяй, дырэктару ААТ "Хацілы-агра" Вячаславу Іосіфавічу Крыштафовічу. Гаспадарка, якую ён узначальвае, стала пераможцай спаборніцтва за самы высокі выхад зерня на балагектар. У 2016 годзе гэты паказчык склаў 242 кілаграмы пры сярэдняй ураджайнасці 55 цэнтнераў.

Сярод галоўных аграномаў сельгаспрадпрыемстваў вобласці другое месца прысуджана Івану Грыгор'евічу Машлякевічу з ААТ "Хацілы-агра". Яму ўручаны Падзячнае пісьмо старшыні аблвыканкама і грашовая прэмія. Такіх адзнак за трэцяе месца сярод старшых камбайнераў і камбайнераў маладзёжных экіпажаў удастоены Віктар Андрэевіч Рогаў і Дзмітрый Мікалаевіч Казак з ААТ "Навасёлкі-Лучай".

За дасягнутыя поспехі ў раслінаводстве Падзякай міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь адзначана праца дырэктара ААТ "Навасёлкі-Лучай" Юрыя Францішкавіча Шымчыка.

Падарунак для сельгаспрадпрыемства — легкавы аўтамабіль — атрымаў дырэктар ААТ "Камайскі-агра" Андрэй Віктаравіч Сарапененка. Уладальнікамі сертыфікатаў на тэлевізары сталі дырэктар ААТ "Хацілы-агра" Вячаслаў Іосіфавіч Крыштафовіч і дырэктар філіяла "Нафтазаводмантаж-агра" Баляслаў Францавіч Барэйка.

А ўвогуле, узнагародай для ўсіх стаў сам удзел у абласным фестывалі-кірмашы, ад якога засталося шмат уражанняў.

— Яркімі і маляўнічымі атрымаліся святочнае шэсце, урачыстае адкрыццё фестывалю і цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў, — адзначыў дырэктар ААТ "Навасёлкі-Лучай" Ю. Ф. Шымчык. — Аб'ектыўную ацэнку вынікам сельскагаспадарчага года з улікам кліматычных умоў даў губернатар вобласці Мікалай Мікалаевіч Шарснёў, які вясной наведваў нашу гаспадарку і бачыў, як цяжка праходзіць сяўба. Тым не менш мы намалацілі з кожнага гектара больш за 38 цэнтнераў, а валавы намалот склаў 9555 тон. Прыемна, што наш маладзёжны экіпаж выйшаў у лік пераможцаў. Самых удзячных слоў заслугоўваюць і іншыя экіпажы, вадзіцелі, механізатары, аператары зернесушыльных комплексаў. Людзі стараюцца і цяпер. На 1600 гектарах пасеяны азімыя зерневыя. Нарыхтавана ўжо каля 16 тысяч тон кукурузнага сіласу. Запасы гэтага корму папаўняюцца кожны дзень, бо ўраджайнасць зялёнай масы высокая — складае больш за 420 ц/га.

Няшмат было часу для таго, каб агледзець усё, што падрыхтавалі сенненцы да свята. Нашы кіраўнікі і спецыялісты з задавальненнем паглядзелі святочны канцэрт, наведалі выставы сельскагаспадарчай тэхнікі, караваяў раёнаў вобласці, фізкультурна-спартыўны комплекс, сельскія гандлёвыя падвор'і і іншыя месцы. Словам, ёсць пра што расказаць у сваіх калектывах.

Што да ўшаноўвання працаўнікоў вёскі Пастаўшчыны, то гэта адбудзецца ў лістападзе, на прафесійным свяце работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА

Интернет-ресурсы