Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 4-10-45 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Набережная Дворец Тызенгауза Поставы ночью Храм Постав Ночная набережная
Набережная
Набережная
Дворец Тызенгауза
Поставы ночью
Храм Постав
Ночная набережная
Главная / Новости / Новости района
27 февраля 2020

Залаты фонд Пастаўшчыны

Залаты фонд Пастаўшчыны ўшанавалі на адной з галоўных падзей раёна – урачыстым сходзе, прысвечаным не толькі падвядзенню вынікаў работы за мінулы год, але і 80-годдзю раёна.

У Доме культуры па вуліцы Станкевіча сабраліся ветэраны працы, заслужаныя работнікі прадпрыемстваў і арганізацый, кіраўніцтва раёна і ганаровыя госці — член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар унітарнага прадпрыемства «Віцебскаблдарбуд» Уладзімір Мацвееў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання Павел Сільчонак.

Адкрываючы сход, старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік падзякаваў работнікам усіх сфер дзейнасці за добрасумленную працу, спыніўся на асноўных вехах развіцця раёна, расказаў, чаго ўдалося дасягнуць дзякуючы працавітасці пастаўчан і сумесным намаганням кіраўнікоў, спецыялістаў народнагаспадарчага комплексу.

— На ўрачыстасць мы запрасілі тых, хто сваёй сумленнай працай, адказнымі адносінамі да справы з’яўляецца прыкладам і гонарам не толькі ў сваіх калектывах, але і ў раёне, — гаварыў Сяргей Чэпік. — Тых, хто вырошчвае хлеб, выпускае прамысловую прадукцыю, узводзіць дамы, выхоўвае дзяцей, клапоціцца пра наша здароўе, аказвае неабходныя паслугі насельніцтву, стаіць на варце законнасці і правапарадку, рубяжоў краіны. Асобныя словы падзякі ветэранам, якія заклалі фундамент для дасягнення сённяшніх вынікаў.

Спадчынай багатай ганарымся

Пастаўскі раён створаны 15 студзеня 1940 года. Дарога даўжынёй у 80 гадоў была няпростай. Трагічныя па­дзеі і неймаверныя страты прынесла Вялікая Айчынная вайна. У час акупацыі ў горадзе і раёне дзейнічалі падпольныя камсамольска-маладзёжныя і антыфашысцкія арганізацыі, райкамы Камуністычнай партыі і ЛКСМБ, партызанскія брыгады імя Варашылава, Гастэлы, Ракасоўскага. 5 ліпеня 1944 года Паставы вызвалілі воіны 145-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Пятра Дзібровы. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады вайны, больш за 3 тысячы нашых землякоў атрымалі баявыя ўзнагароды. А Фёдару Маркаву і Ганне Маслоўскай прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У мірны час жыхары раёна самааддана аднаўлялі разбураную гаспадарку. Ужо ў 1947 годзе першую прадукцыю выпусціў ільнозавод. У строй дзеючых адно за адным уступілі кансервавы, малочны і хлебазавод, Варапаеўскі завод жалезабетонных вырабаў, лясгас і іншыя прадпрыемствы.

Важным этапам у жыцці Пастаўшчыны стала размяшчэнне на яе тэрыторыі авіяцыйных палкоў, штаба дывізіі 346-га ракетнага палка 32-й ракетнай дывізіі. Пабудаваны ў 1954 годзе аэрадром быў адным з найбуйнейшых у БССР. Раён неаднаразова выходзіў пераможцам абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных спаборніцтваў. Сотні перадавікоў сельгасвытворчасці ўзнагароджа­ны ордэнамі і медалямі СССР, а старшыня калгаса імя Суворава Алег Валодзька ўдастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы.

Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі дало новы імпульс развіццю. Працаўнікі Пастаўшчыны заўсёды былі на пульсе часу, стваралі і развівалі прамысловасць, сельскую гаспадарку. У 2004 годзе ў Паставы прыйшоў прыродны газ. Шырока развіваліся малы і сярэдні бізнес, штогод узводзіліся новае жыллё, сучасныя вытворчыя і сацыяльныя аб’екты, рос прэстыж раёна. У 2006 годзе ў райцэнтры прайшлі Дзень беларускага пісьменства і абласныя «Дажынкі». Значнай падзеяй стала святкаванне 610-годдзя Пастаў.

Нашчадкі з удзячнасцю ўспамінаюць былых кіраўнікоў раёна: Грыгорыя Раманькова, Сяргея Проньку, Аляксандра Манахава, Валянціну Клачкову, Вячаслава Рысянкова, Васілія Скобелева, Барыса Шыбеку, Аляксандра Азарчанкава, Вікенція Тарасевіча, Васілія Чэпіка, Ванду Януковіч, Эдуарда Казуру, Віктара Гутарава. Ганарацца таксама вядомымі землякамі: героем Другой сусветнай вайны генерал-палкоўнікам Васіліем Юшкевічам, Героем Сацыялістычнай Працы Васіліем Асяненкам, героем Расійскай Федэрацыі лётчыкам-выпрабавальнікам Аляксандрам Раеўскім, заслужаным выпрабавальнікам касмічнай тэхнікі касмадрома «Байканур» Уладзімірам Ясюкевічам. Ураджэнцы Пастаўшчыны Міхаіл Хвастоў, Іван Шакола, Тадэуш Стружэцкі былі і ёсць сярод дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў. Наш край ганарыцца вучонымі Іванам Сікорам, Іосіфам Залуцкім, Мікалаем Казараўцом, Паўлам Пронькам, Андрэем Майсяёнкам, Зянонам Лоўкісам, Ігарам Капыловым, пісьменнікамі Уладзімірам Дубоўкам, Аркадзіем Нафрановічам, Ігарам Пракаповічам. У розны час умацоўвалі аўтарытэт Пастаўшчыны Віктар Арэхаў, Пётр Розынка, Баляслаў Шылько, Мікалай Коваль, Мікалай Горлач, Лізавета Місуна, Ала Кейзік, Вольга Мышко, Уладзіслаў Лапушынскі, Аляксей Аліхвер, Валянціна Філімонава, Іван Аніськовіч, Луіза Пабядзінская, Станіслаў Раманчук, Валерый Гарачка і многія іншыя. Кожны з іх унёс свой уклад у станаўленне і развіццё раёна.

Да новых вышынь

Па выніках работы за мінулы год Пастаўскі раён заняў 6-е месца сярод 21 раёна вобласці, па тэмпах росту валавой прадукцыі сельскагаспадарчай вытворчасці — 3-е. Спрацаваў з чыстым прыбыткам, рэнтабельнасцю продажаў, ростам выручкі і прадукцыйнасці працы. На 108,7% забяспечаны рост вытворчасці малака, на 103,5% — буйной рагатай жывёлы. Сярэдні надой ад каровы склаў 3 984 кілаграмы. Продаж малака дзяржаве павялічыўся на 3,7 тысячы тон, сортам «экстра» рэалізавана 63,8%.

Прамысловымі прадпрыемствамі раёна выпушчана прадукцыі больш чым на 163 млн руб. (108,2% да ўзроўню 2018 года). Выкананы ўсе даведзеныя паказчыкі ў сферы будаўніцтва. Уведзена ў эксплуатацыю 8 408 квадратных метраў жылля (106,9% да ўзроўню 2018 года). Пабудаваны 60-кватэрны жылы дом па вуліцы Зялёнай і многафункцыянальны спецыялізаваны будынак сектара судмедэкспертыз Дзяржкамітэта судовых экспертыз і ЦРБ у райцэнтры, 12-кватэрны дом у Хацілах.

Развівалася сфера абслугоўвання: адкрыта 12 новых прадпрыемстваў і вытворчасцей у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, гандлі, 5 аб’ектаў грамадскага харчавання, 45 — гандлёвых, у тым ліку «Суседзі», «Еўраопт», «Тры цаны», фірменныя магазіны ААТ «Навасёлкі-Лучай» і «Віцебскія аграпрадукты» і іншыя. Створана 140 рабочых месцаў, 44 чалавекі ўладкаваны на новыя прадпрыемствы.

З кожным годам расце ўклад у эканоміку малога і сярэдняга бізнесу. Другі год запар наш раён адзнача­юць як адзін з найлепшых у вобласці па яго развіцці. ­Удзельная вага паступленняў у бюджэт 2019 года ад суб’ектаў гэтага віду дзейнасці ў агульнай суме павялічылася на 32%. Каля чвэрці занятага ў эканоміцы раёна насельніцтва працуе ў сектары прадпрымальніцтва.

У 2019 годзе 73,5% ад усіх расходаў бюджэту раёна было накіравана на фінансаванне дзейнасці ўстаноў бюджэтнай сферы, праводзілася мэтанакіраваная работа па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне занятасці насельніцтва, падтрымцы пажылых, інвалідаў, мнагадзетных сем’яў. На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і набыццё абсталя­вання для ўстаноў аховы здароўя выкарыстана каля 1 млн руб., адукацыі — 900 тыс. руб. (набыты 4 новыя школьныя аўтобусы для падвозу вучняў). Палепшылася якасць адукацыі: летась 50,3% выпускнікоў паступілі ў ВНУ. На працягу многіх гадоў па выніках удзелу ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах раён займае 2-е месца сярод сельскіх раёнаў вобласці, сёлета ў абласной спартакіядзе школьнікаў — 1-е.

З мэтай умацавання турыстычнага патэнцыялу 4-ы год паспяхова рэалізуецца спартыўна-турыстычны праект «Азёркі». Летась тут уведзена ў эксплуатацыю лазня, абсталяваны 2 пляцоўкі для пляжнага валейбола. Вядзецца капітальны рамонт з мадэрнізацыяй гасцінічнага комплексу, здача якога плануецца сёлета. Своеасаблівым брэндам Пастаўшчыны стаў праект «Дзед Бай». У перыяд навагодніх і калядных свят комплекс наведалі больш за 2 тысячы чалавек.

Узнагароды – найлепшым

Самы прыемны і запамі­наль­ны момант свята — ушаноўванне найлепшых. Тым людзям, якія знайшлі сваё прызванне, сваімі справамі спрыялі сацыяльна-эканамічнаму развіццю раёна, праяўлялі прафесіяналізм, гаспадарлівасць, адказнасць, пачынаючы з 2010 года прысуджаецца ганаровае званне «Чалавек года Пастаўшчыны». За гэты час яго ўдастоены 157 чалавек, сёлета — 12. Усе яны — кампетэнтныя, перспектыўныя кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, шчырыя працаўнікі сельскай гаспадаркі і прамысловасці, работнікі аховы здароўя і адукацыі, іншых сфер — пад гучныя апладысменты прысутных падняліся на сцэну. Першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская ад імя лаўрэатаў падзякавала за аказаны гонар.

Затым пераходныя сцягі былі ўручаны кіраўнікам найлепшых працоўных калектываў — пераможцаў раённага спаборніцтва сярод прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў вытворчай, сацыяльнай сфер, а таксама сельскіх Саветаў, якія ў мінулым годзе дасягнулі найвышэйшых паказчыкаў (іх спіс быў змешчаны ў папярэднім нумары «ПК»). А старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская атрымала да таго ж ключы ад новага службовага аўтамабіля.

Сяргей Чэпік выканаў яшчэ адну прыемную місію — уручыў ордэн Маці пастаўчанцы Марыі Іўліевай, якая выхоўвае пяцярых дзяцей.

— Наперадзе адказны год, — рэзюмаваў кіраўнік раёна. — 9 мая мы будзем адзначаць 75-годдзе Вялікай Перамогі. Адбудзецца найважнейшая грамадска-палітычная кампанія — выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пастаўчане заўсёды займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю. Перад кожным з нас пастаўлены на перспектыву няпростыя задачы. Але я ўпэўнены, што мы іх вырашым і вынікі будуць важкімі, бо ў нас ёсць моцны кадравы патэнцыял. Залогам поспеху з’яўляюцца мэтанакіраванасць, высокае майстэрства, працавітасць пастаўчан.

Віншаванні ўдзельнікам урачыстасці, а ў іх асобе і ўсім жыхарам раёна, адрасавалі Павел Сільчонак і Уладзімір Мацвееў. Апошні ўручыў Ганаровую грамату абласнога выканаўчага камітэта начальніку філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132» Станіславу Рагіню.

Завяршылася ўрачыс­тасць святочным канцэртам з удзелам вакальна-танцавальнага шоу «На грани» і шоу-балета «Феерия».

Анна Анішкевіч, газета “Пастаўскі край”. Фота аўтара

Интернет-ресурсы