Адрес: 211875, г.Поставы, пл.Ленина, д.25
Телефон приемной: 8 (02155) 4-10-45 (телефон/факс), 8 (02155) 2-66-07 c 8.00 до 17.00
Электронная почта райисполкома: kanz@rikpostavy.by
Режим работы: пн-пт с 8.00 до 17.00, обеденный перерыв с 13.00 до 14.00, выходные дни: сб, вс
Вышестоящий государственный орган
Поставы ночью Храм Постав Набережная Дворец Тызенгауза Ночная набережная
Поставы ночью
Поставы ночью
Храм Постав
Набережная
Дворец Тызенгауза
Ночная набережная
Главная / Новости / Новости района
5 марта 2020

Звычайны подзвіг мацярынства

На днях Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ аб узнагароджанні ордэнам Маці 29 жыхарак краіны. У ліку ўдастоеных яго і пастаўчанка Марыя Іўліева.

Паўтара года назад у сям’і Марыі Іўліевай і Яўгенія Сінілы нарадзілася пятае дзіця — цудоўны сынок Міша. З ім першым я і пазнаёмілася, пераступіўшы парог дома. Спачатку хлопчык з цікавасцю разглядаў незнаёмую цёцю, а крыху асвоіўшыся, заўсміхаўся і нават гасцінна працягнуў мне цукерку.

— Галоўныя заняткі Мішы — есці, спаць ды спазнаваць усё, што яго акружае, — з усмешкай гаварыла маці. — Толькі паспявай сачыць, каб не залез, куды не трэба. Затое ўсім нам дае зарад пазітыву.

У старэйшых дзяцей клопаты іншыя. Калі я пачула ад Марыі, што яе першай дачцэ, Вікторыі, споўнілася 23 гады, не магла ў гэта паверыць: у такой маладой маці такая дарослая дачка?! Але гэта так. Віка жыве ў Маскве, працуе менеджарам. У Паставы прыязджае нячаста. Колькі тады радасці яе малодшым сёстрам і братам, з якімі яна любіць бавіць час!

Арына і Соф‘я — пагодкі. Першая ходзіць у 9 клас СШ №1, другая — у 8-ы, абедзве наведваюць музычную школу. Арына сёлета заканчвае яе па класе скрыпкі. Соф‘ю захапілі дыятанічныя цымбалы, грае ў ансамблі «Пастаўскія цымбалісты». Акрамя таго, дзяўчынка любіць спорт, ходзіць у паходы, займалася каратэ. У 8-гадовага Сашы дзіўна спалучаюцца захапленні каратэ і… вязаннем. Як каратыст ужо прынёс дадому чатыры медалі, заваяваныя ў спаборніцтвах, што праводзіліся сярод спартсменаў «Азімута». Як навучэнец гуртка вязання, які працуе ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі, парадаваў першымі звязанымі сваімі рукамі рэчамі.

— Дзеці — наша шчасце і будучыня, — гаварыў Яўгеній. — Марым, каб яны выраслі здаровымі, былі паспяховымі ў прафесіі і шчаслівымі ў жыцці. Таму зараз стараемся даць ім як мага больш развіцця.

А Марыя з удзячнасцю адзначала дапамогу мужа, які не падзяляе сямейныя абавязкі на мужчынскія і жаночыя, ва ўсім падстаўляе плячо. 4 гады назад пераехалі з Масквы ў Паставы яе бацькі. Абое ўжо на пенсіі, жывуць недалёка і пастаянна дапамагаюць.

Вялікая сям’я — гэта і вялікія клопаты. Працы заўсёды шмат. На беразе возера Задзеўскае пабудавалі прыгожы прасторны дом. Трымаюць шмат жыўнасці, каб мець уласную, экалагічна чыстую, прадукцыю. Далучаюцца да працы на падвор’і і дзеці, а таксама дапамагаюць бацькам у хатніх справах, няньчацца з Мішам.

У Яўгенія і Марыі вельмі адказныя прафесіі. Ён працуе ў раённым аддзеле Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, яна — старшы інспектар прафілактыкі аддзела прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі раённага аддзела ўнутраных спраў райвыканкама.

— А марыла стаць журналістам, паступала на журфак Белдзярж­універсітэта, але беспаспяхова, — прызнаецца. — У выніку пайшла іншым шляхам: спачатку атрымала педагагічную адукацыю, затым вышэйшую юрыдычную. Працавала ў Смалявічах, Мінску, Верхнядзвінску. І ўсюды сумавала па родных Паставах, хацела вярнуцца сюды. Што ўрэшце і адбылося ў пачатку 2012-га, калі мужа перавялі на працу ў наш горад.

Нягледзячы на суровасць прафесій, Марыя і Яўгеній — адкрытыя, гасцінныя людзі. Мнагалюдна праходзяць сямейныя ўрачыстасці. У іх доме любяць бываць родныя і сябры, асабліва летам, бо ўсіх ва­біць возера. Пра ўсё гэта я даведалася, пабываўшы адным вечарам у сям’і: сабрацца разам днём ніяк не атрымалася з-за татавай работы і заняткаў дзяцей у гуртках.

Высокая дзяржаўная адзнака будзе ўручана мнагадзетнай маці ў сталіцы ва ўрачыстай абстаноўцы. А навіна пра яе ўжо разляцелася па раёне, і знаёмыя адрасуюць свае віншаванні. Асабліва радуюцца падзеі дзеці і гавораць: «У нас найлепшая ў свеце мама!» І з імі нельга не пагадзіцца.

Магчыма, некаму з чытачоў здасца занадта пафасным загаловак гэтага матэрыялу. Але хіба не подзвіг нарадзіць і годна выхаваць траіх, пяцярых і больш дзяцей? Цяпер жа большасць сем’яў абмяжоўваюцца адным-двума.

Фаіна Касаткіна

Фота Сяргея Вшыўкава

Интернет-ресурсы