Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Пастаўскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна
30 сакавіка 2020

Завод белай бляхі ў Мiёрскім раёне пабудаваны на 93 працэнты

Будаўнічая гатоўнасць металапракатнага завода па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі ў Мiёрскім раёне складае 93 працэнты. Аб гэтым паведаміў 27 сакавіка генеральны дырэктар прадпрыемства Пётр Шымуковіч у час знаёмства прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса з будаўніцтвам аб'екта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэм'ер-міністр наведаў асноўны цэх завода, дзе размешчана галоўнае тэхналагічнае абсталяванне, усебакова ацаніў тэхналогіі, якія будуць прымяняцца на заводзе, а таксама правёў штаб з асноўнымі ўдзельнікамі інвестпраекта па пытаннях маркетынгавай стратэгіі прадпрыемства. Таксама абмяркоўваліся прычыны затрымкі тэрмінаў рэалізацыі праекта, у тым ліку звязаныя са складанасцямі ў схеме фінансавання, варыянты іх вырашэння.

Паводле слоў Пятра Шымуковіча, цяпер асноўныя пытанні, якія перашкаджаюць увасабленню інвестпраекта, вырашаны. "На гэты час у нас яшчэ ёсць шэраг аб'ектаў у рознай ступені гатоўнасці, без якіх рэалізацыя праекта немагчыма. Аднак у бліжэйшы час будаўнічая частка праекта будзе завершана. Застануцца работы, звязаныя з пусканаладачнымі аперацыямі па ўсіх тэхналагічных адзінках", - канстатаваў ён.

Пётр Шымуковіч падкрэсліў, што з сярэдзіны студзеня на заводзе пераведзены ў рэжым перадпусканаладкі стан халоднай пракаткі. На працягу апошніх паўтара месяцаў на ім выконваліся ўсе аперацыі, прадугледжаныя кампаніяй-пастаўшчыком абсталявання. Значныя недахопы не выяўлены. Цяпер інтэнсіўна вядуцца ўсе астатнія работы. Генпадрадчык і субпадрадчыкі нацэлены на тое, каб скараціць іх тэрміны.

"Будаўніцтва завода вядзецца больш за тры гады. З-за паўзаў з фінансаваннем мы "вылятаем" з намечаных тэрмінаў на паўгода", - адзначыў старшыня савета дырэктараў ТАА "ММПЗ-груп" Аляксей Кавалёнак. Ён акцэнтаваў увагу на шлейфе праектаў, якія звязаны са стварэннем у раёне новай магутнай вытворчасці. Так, на бліжэйшую перспектыву тут запланавана будаўніцтва камфортнага службовага жылля для работнікаў завода (будзе прадастаўляцца бясплатна, а пры адпрацоўцы 10-гадовага стажу пераходзіць ва ўласнасць супрацоўніка), дзіцячага сада, школы, вялікага шматфункцыянальнага цэнтра і высокатэхналагічнага медыцынскага цэнтра. Апошні праект рэалізуецца ў дзяржаўна-прыватным партнёрстве.

Інвестпраект па будаўніцтве металапракатнага завода рэалізуецца ў адпаведнасці з Дзяржпраграмай інавацыйнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады і ўказам ад 9 чэрвеня 2014 года нумар 271. Аб'ём інвестыцый складае амаль 400 млн еўра. Галоўным інвестарам з'яўляецца аўстрыйская кампанія ММРZ GmbH. Інавацыйнасць праекта заключаецца ў стварэнні вытворчасці прынцыпова новай для Беларусі, краін СНД і блізкага замежжа прадукцыі - белай бляхі таўшчынёй ад 0,1 мм (у СНД вырабляюць таўшчынёй да 0,18 мм). Праект арыентаваны на экспарт: акрамя забеспячэння патрэб унутранага рынку Беларусі, асноўная частка прадукцыі пойдзе за мяжу. У структуры экспарту каля 20 працэнтаў паставак плануецца ажыццяўляць у Расію, асноўная ж доля будзе прыпадаць на рынкі іншых краін.