Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Поставский районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
15 июля 2020

На ўсю краіну і на поўны голас Зубко праславілі сям’ю

Прачынайцеся, дачушкі! — У пяць раніцы бу­дзіла сямігадовую Ксенію і чатырохгадовую Сабіну Алена Зубко. — Паедзем перамагаць!

Іх чакаў няблізкі шлях (амаль 300 кіламетраў) у аграгарадок Александрыя Магілёўскай вобласці на рэспубліканскі сельскагаспадарчы конкурс маладых сем’яў «Уладар сяла». А за два тыдні да гэтага Зубко перамаглі ў абласным яго этапе. Праўда, з-за пандэміі каранавіруса ўдзельнічалі дыстанцыйна: адпраўлялі журы відэаматэрыялы пра сямейныя будні, святы, захапленні, традыцыі. І вось — магчымасць заявіць пра сябе на ўсю краіну.

Забіць цвікі? Без праблем!

Зрабілі гэта не мужчыны, а іх прыгожыя палавінкі. Менавіта такім было адно з конкурсных заданняў: забіць па галоўку ў калоду пяць 10-сантыметровых цвікоў.

—У мяне атрымалася найхутчэй, — расказвала Алена. — Ні разу не прамахнулася малатком. І «выбіла» 10 балаў з 10-ці магчымых.

Найвышэйшую ацэнку паставіла журы сям’і і за кармленне цяляці. З гэтым выдатна справіліся мама са старэйшай дачушкай Ксеніяй. Дровы парадкавалі ўсёй сям’ ёй. Тата з мамай пілавалі бервяно ручной пілой, затым Аляксандр шчапаў чурбаны, а дзяўчынкі складвалі паленцы. Зноў — першыя. А вось на касьбе галава сям’і крышку саступіў. І не дзіўна, бо раней касу нават у руках не трымаў. Купіў яе, толькі пачаўшы рыхтавацца да конкурсу, і стаў вучыцца (на гэта заставалася ўсяго два тыдні). Атрымалася! Цяпер кажа, што будзе абкошваць прыся­дзібны ўчастак не толькі трымерам, але і касой.

Усім татам давялося папацець, спавіваючы ў тры пялюшкі ляльку. Яшчэ адно конкурснае заданне — правезці на тачцы жонку, прычым абмінаючы на шляху корч.

— Мяне ўпершыню ў жыцці каталі на такой «карэце», — смяялася Лена, узгадваючы эпізод. Затым жанчыны на хуткасць лавілі ў загоне курэй, пераносілі на вілках чыгункі. Старэйшыя дзеці сартавалі і раскладвалі па ёмістасцях бульбу, цыбулю, моркву.

Было напружана, але весела і азартна. А азарту і вынаходлівасці Зубко не пазычаць. Іх сям’я творчая, актыўная, мэтанакіраваная. Алена загадвае Юнькаўскім сельскім Домам культуры. Аляксандр працуе электраманцёрам у раёне электрасетак. Сумесна рыхтуюць анімацыйныя праграмы, пераўвасабляюцца ў Дзеда Мароза і Снягурку, іншых казачных герояў, умеюць ства­раць святы сабе і іншым. Жывуць яны ва ўласным доме ў Юньках, маюць прысядзібны ўчастак, які патрабуе нямала працы. Але і на змястоўны адпачынак знахо­дзяць час. Сябруюць са спортам, далучаюць да яго дачушак. Бацькоў з дзецьмі можна ўбачыць на спартыўных пляцоўках, у турыстычных паходах. Алена актыўнічае ў забаўляльных праграмах, што ладзяцца на спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі». Аляксандр захапіўся лазертагам. Стварыў каманду, якая ўдзельнічала нават у рэспубліканскіх спаборніцтвах і займала прызавыя месцы. Галоўнае ж, што «цэментуе» сям’ю, — гэта каханне і павага адно да другога.

Мядовая фішка

Конкурс праходзіў на працягу двух дзён. Па набраных балах пастаўчане лідзіравалі. Але як ацэніць журы падворкі?

— Мы разумелі, што ў кожнай сям’і яны будуць багатымі, — расказвалі Зубко. — Задумаліся: якую адметнасць надаць свайму? Ага, мы ж захапляемся пчалаводствам, маем невялікую пасеку. Чаму б не спыніцца на «мядовай» тэматыцы? Так і зрабілі. Як радавым наведвальнікам, так і членам журы давялося паламаць галовы над тым, каб, дэгустуючы мёд, адрозніць лугавы ад ліпавага.

Тыя, хто называў правільна, атрымлівалі ад гаспадароў невялічкі сувенірчык — жоўценькую пчалу на жоўценькім полі — і з задавальненнем прымацоўвалі яго на адзенне. Смакавалі медавуху, прыгатаваную па сакрэтным рэцэпце, квас з мёдам і лімонам, незвычайныя фруктовыя асарці, таксама з мёдам. А калі Карына Волкава зайграла на баяне запальную вельмі папулярную ў моладзі мелодыю песні пра пчалу і пчалавода (па ўмовах конкурсу дазвалялася выкарыстоўваць толькі жывую музыку, фанаграма забаранялася), а вялізны Мядзведзь (роставая лялька) з Ксеніяй і Сабінай пусціліся ў скокі, да іх далучыліся нават прадстаўнікі журы.

Які вынік усіх гэтых дзей, вы ўжо, напэўна, здагадваецеся: сям’я Зубко з вялікім адрывам ад іншых выйшла пераможцай рэспубліканскага конкурсу. Затым адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання. Кожная з пяці сем’яў-удзельніц атрымала сертыфікат на суму 80 базавых велічынь. Пастаўчане як пераможцы — яшчэ і сушылку для садавіны, а таксама шмат іншых прызоў.

Александрыя зачаравала

Адметнасць конкурсу ў тым, што ён упершыню праходзіў у рамках вялікага рэспубліканскага купальскага свята. І гэта асабліва адказна і ганарова для яго ўдзельнікаў. Акрамя таго, для канкурсантаў была арганізавана экскурсія па Александрыі.

— Аграгарадок уразіў чысцінёй, добраўпарадкаванасцю, прасторай, асаблівай энергетыкай, — расказвалі Зубко. — Мы пабывалі на Трафімавай крыніцы, а таксама ў школе, дзе вучыўся Прэзідэнт Беларусі. Прычым наша Ксенія села якраз за тую парту, за якой сядзеў ён падчас вучобы. Экскурсавод заўважыла: значыць, дзяўчынку чакае вялікая будучыня. А якім маштабным і прыгожым быў канцэрт! Як цёпла віталі людзі Аляксандра Лукашэнку! У яго выступленні прагучалі пранікнёныя словы пра тое, што для кожнага чалавека рай там, дзе знаходзіцца яго сэрца. Нашы сэрцы — на роднай Пастаўшчыне, і мы яе вельмі любім. Мы — патрыёты сваёй краіны, хаця Саша нарадзіўся ў Казахстане, я — у Літве, яго мама і мой тата па нацыянальнасці ўкраінцы.

Не можам не сказаць пра каманду, якая рыхтавала нас да конкурсу. Лічым, што першынство ў ім — гэта агульная перамога. Асабліва ўдзячныя першаму сакратару райкама ГА «БРСМ» Вераніцы Казлоўскай, якая літаральна фантанавала ідэямі, затраціла на іх увасабленне шмат фізічных і душэўных сіл, пастаянна была побач, нават косы нашым дзяўчынкам заплятала. У творчым плане таксама шмат дапамаглі культработнікі Карына Волкава і Валерый Жук’ян, калектыў раённага Дома рамёстваў. Заўсёды падтрымліваў і ва ўсё ўнікаў старшыня сельскага Савета Вячаслаў Врублеўскі. А як прыемна было, калі падтрымаць нас у Александрыю прыехаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто! Шчыры дзякуй усім!

Алена і Аляксандр сцвярджаюць, што на конкурс яны ехалі не проста паўдзельнічаць, а перамагчы. На гэта настройвалі і сваіх дачушак. Тыя і паўтаралі ўсю дарогу: «Едзем перамагаць!» «А што б вы хацелі атрымаць за перамогу?» — пыталіся ў дзяўчынак бацькі. «Цэлую скрынку марожанага!» — адказалі тыя. І яны гэта заслужылі.

Вераніка Казлоўская, першы сакратар райкама ГА «БРСМ»:

У конкурсе ўдзельнічала пяць сем’яў. Сапернікі былі сур’ёзныя, прычым адна каманда — з самой Александрыі, а гэта немалаважны псіхалагічны фактар. Але нашы Зубко найбольш уразілі як гледачоў, так і журы. Вялікая падрыхтоўчая работа аказалася недарэмнай. Шчырая ўдзячнасць за разуменне і дапамогу старшыні райвыканкама Сяргею Чэпіку і старшыні раённага Савета дэпутатаў Пятру Курто, начальніку ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзію Лютынскаму, кіраўнікам ААТ «Навасёлкі-Лучай», малаказавода, рыбгаса «Навінкі», Пастаўскага філіяла абласнога спажывецкага таварыства.

Пастаўчане перамаглі ў рэспубліцы. І гэта гонар як для ўсяго раёна, так і для Віцебшчыны.

Фаіна Касаткіна, газета "Пастаўскі край"

Фота даслана «СБ»